46‑гадовы праваабаронца Сяргей Усцінаў шакаваў сацсеткі сваімі здымкамі ў жаночым абліччы
Адзін з лідараў «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў апошнім часам здзіўляе знаёмых сваім новым іміджам — мужчына эксперыментуе з макіяжам, манікюрам, парыкамі і сукенкамі пад карункавыя панчохі і абцасы.
Сяргей Усцінаў у сваёй мужчынскай і жаночай іпастасі. Для апошняй існуе і асобнае імя — Серэна. Фота: @ustinov_ser
Фотаздымкамі і відэа ў жаночых, пікантных вобразах Сяргей актыўна дзеліцца ў сваіх сацсетках. З чым жа звязаныя такія перамены?
Сяргей Усцінаў — беларускі праваабаронца, эксперт у вобласці змагання з катаваннямі, адзін са стваральнікаў Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, адзін з лідараў праваабарончай арганізацыі «Прававая ініцыятыва». У 2021 годзе з'ехаў з Беларусі. Жанаты, выхоўвае з жонкай ката і сабаку, займаецца вырошчваннем зеляніны, пра што расказвае ў асобным блогу «Аграшанец».
Сам Сяргей тлумачыць гэта тым, што часам адчувае сябе па-жаноцку і дае гэтай сваёй частцы праяўляцца.
Для пераапрананняў мужчыны ў жанчыну і наадварот існуе спецыяльны тэрмін — кросдрэсінг. Мужчын-кросдрэсераў яшчэ можна назваць фембоямі — тымі, хто свядома аддае перавагу выглядаць і паводзіць сябе па-жаноцку, захоўваючы сваю мужчынскую гендарную ідэнтычнасць.
Спачатку мужчына паспрабаваў фарбавацца, потым дадаў у гардэроб спадніцы, ацаніўшы іх зручнасць у цёплы сезон.
Фота: @ustinov_ser
«Я ўжо ў такім узросце, што магу выглядаць, як хачу, насіць, што я хачу, пазіцыянаваць і адчуваць сябе, як хачу. А калі ў вас няма свайго асабістага жыцця… Ну, займіцеся ім нарэшце, — адказвае Сяргей. — Я проста пачаў жыць так, як заўсёды хацеў. Камусьці гэта падабаецца, камусьці — не, іншых гэта раздражняе. Мне пляваць».
Цяпер ён дадаў у сваю руціну і невядомыя раней б’юці-працэдуры: эпіляцыю і манікюр. Усё гэта — каб дасягнуць таго, што яму здаецца прыгожым і фізічна дасканалым.
На шляху спазнання новага сябе Сяргей выбачыўся перад усімі жанчынамі, якіх раней мог абвінавачваць у спазненнях — цяпер ён іх зразумеў:
«Проста падвесці вочы акуратна гэта капец як шмат часу займае».