«Ніхто не вярнуўся». Як вырашылі пытанне з работнікамі з Узбекістана, незадаволенымі ўмовамі ў Беларусі
13 ліпеня больш за 200 жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана прыбылі ў Беларусь для працы ў сферы сельскай гаспадаркі. А неўзабаве з’явіліся відэа, у якіх мужчыны скардзіліся на нізкія заробкі і дрэнныя ўмовы. Выданне «Люстэрка» звярнулася ў Агенцтва міграцыі пры Кабінеце міністраў Узбекістана з пытаннямі пра тое, як вырашыўся канфлікт і ці працягнецца супрацоўніцтва.
Узбекскія рабочыя, якія вырашылі паспрабаваць працоўнага шчасця ў Беларусі. Фота: gov.uz
«Не ўсе працадаўцы аднолькавыя»
Прадстаўніца агенцтва падкрэсліла, што гэта быў пілотны праект па спрошчанай працэдуры. Пагадненне заключылі Камітэт па працы, занятасці і сацабароне Віцебскага аблвыканкама, Агенцтва міграцыі пры Кабінеце міністраў Узбекістана і хакіміят (адміністрацыя) Андыжанскай вобласці.
Па словах чыноўніцы, пасля скаргаў у сацсетках бакі праверылі, ці выконваюць працадаўцы ўмовы працоўных дагавораў. У выніку ўсе ўзніклыя пытанні былі нібыта ўрэгуляваныя.
«Для грамадзян, умовы працы якіх не адпавядалі дагаворным абавязацельствам, прынятыя неабходныя меры, уключаючы іх перавод да іншых працадаўцаў, якія забяспечваюць прадугледжаныя дамовай умовы працы і ўзровень аплаты, — адзначыла прадстаўніца агенцтва».
Суразмоўца паведаміла, што ніхто з гэтай групы пакуль не вярнуўся на радзіму. Усе, хто прыехаў, у выніку працуюць у сферы сельскай гаспадаркі. Брудныя пакоі, якія работнікі паказвалі на відэа, яна пракаментавала коратка: «Ужо перавялі. Не ўсе працадаўцы аднолькавыя».
«За намі нават замацавалі таксі»
Аўтар відэа, у якім работнікі абураліся заробкамі па 500 даляраў, пазней апублікаваў працяг. Ён паведаміў, што ў выніку з імі заключылі дамовы на заробкі ў 700 даляраў з бясплатным жыллём і абедамі. Першы ролік ён папрасіў выдаліць, бо не думаў, што ён шырока разыйдзецца.
Іншыя работнікі з Узбекістана, якія прыехалі ў Беларусь, таксама актыўна дзяліліся ўражаннямі. Мяркуючы па іх відэа, было шмат і станоўчых водгукаў. У сюжэце наваполацкага дзяржканала «Звязда» можна бачыць, што іх пасялілі ў інтэрнат завода «Палімір».
У Беларусі чакаюць трактарыстаў і цесляроў
Надалей, як плануецца, у Беларусь працягнуць прыязджаць работнікі з Узбекістана.
«Пачынаючы з верасня плануецца штомесяц забяспечваць пастаяннай працай у Віцебскай вобласці 500 жыхароў Андыжанскай вобласці, усяго — пяць тысяч. Для гэтага ў горадзе Віцебску будзе адкрыта прадстаўніцтва Агенцтва міграцыі», — гаворыцца на сайце прэзідэнта Узбекістана.
Суразмоўца «Люстэрка» дапоўніла, што ёсць таксама планы па працаўладкаванні ў вытворчай галіне Беларусі. Напрыклад, 15 ліпеня прадстаўнікі агенцтва наведалі Мінскі аўтазавод, дзе ўжо працуюць 120 грамадзян цэнтральнаазіяцкай рэспублікі.
Паводле слоў чыноўніцы, работнікаў чакаюць у сферы жывёлагадоўлі, лясной гаспадаркі, вытворчасці малочнай і мясной прадукцыі і будаўніцтва. Сярод вакансій — трактарыст, машыніст экскаватара, цясляр, арматуршчык і электрагазазваршчык.
Чытайце таксама:
Кубракоў: Працоўныя мігранты ўжо размеркаваныя па прадпрыемствах
«Аплата агаворвалася загадзя». Прапагандысты пайшлі ў атаку на не задаволеных заробкам узбекаў
«Вам няма куды людзей дзяваць». Лукашэнка натхняў узбекаў засяляць апусцелую Магілёўшчыну