За продаж пратэрмінаваных тавараў хочуць пастрожыць адказнасць
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разглядае магчымасць узмацнення адказнасці для магазінаў, у якіх сістэматычна выяўляюць тавары з мінулым тэрмінам прыдатнасці. Адпаведныя прапановы даручана падрыхтаваць тэрытарыяльным органам МАРГ.
У ведамстве тлумачаць ініцыятыву тым, што продаж пратэрмінаванай прадукцыі застаецца адным з самых распаўсюджаных парушэнняў у сферы гандлю і можа ўяўляць пагрозу для здароўя пакупнікоў. Сярод іншых частых парушэнняў — адсутнасць абавязковага асартыменту тавараў.
Пакуль невядома, якія менавіта меры плануюць увесці. Цяпер за продаж пратэрмінаваных тавараў прадугледжаны штраф да 100 базавых велічынь (4500 рублёў), а таксама магчыма прыпыненне дзейнасці гандлёвага аб'екта.