БЕЛ Ł РУС

20 літраў у бак і ніякіх каністраў? Ці сапраўды на беларускіх запраўках на мяжы з Расіяй увялі ліміты на бензін

18.07.2026 / 15:29

Nashaniva.com

У інтэрнэце разыходзіцца інфармацыя, што на адной з беларускіх АЗС каля самай мяжы з Расіяй нібыта абмежавалі продаж паліва: не больш за 20 літраў у адзін аўтамабіль і ніякіх каністраў. Прычынай называюць кіроўцаў, якія едуць у Расію і запраўляюцца перад мяжой, ствараючы праблемы з палівам для мясцовых жыхароў.

Беларуснафта, АЗС, гарадскі пасёлак Езярышча. Фота: Яндэкс Мапы

«Наша Ніва» праверыла, ці сапраўды такія абмежаванні з'явіліся на беларускім памежжы і ці можна цяпер заправіць поўны бак перад паездкай у Расію.

Што здарылася ў Езярышчы

Паведамленне пра магчымыя абмежаванні з'явілася 18 ліпеня. Сцвярджалася, што на АЗС у гарадскім пасёлку Езярышча Віцебскай вобласці, размешчаным недалёка ад беларуска-расійскай мяжы, аўтамабілі запраўляюць не больш як на 20 літраў.

Паводле кіроўцаў, на якіх спасылаліся ў паведамленні, такі рэжым дзейнічаў прынамсі ў чацвер і пятніцу. Работнікі АЗС нібыта тлумачылі, што атрымалі ўказанне не запраўляць аўтамабілі да поўнага бака і не адпускаць паліва ў каністры. Прычына — вялікі попыт з боку тых, хто едзе ў Расію: яны запраўляюцца перад мяжой і, як сцвярджалася, фактычна «спусташаюць» мясцовыя запраўкі.

«А поўны бак можна?» — «Вядома»

Каб высветліць, што адбываецца на беларускіх запраўках, «Наша Ніва» патэлефанавала на некалькі АЗС недалёка ад мяжы з Расіяй. Мы прадставіліся падарожнікамі, якія вяртаюцца з Беларусі ў Расію і непакояцца, што перад мяжой не атрымаецца заправіць поўны бак.

На АЗС у Езярышчы нам адказалі, што ў іх ніякіх лімітаў няма.

— У нас ніякіх абмежаванняў няма, паліва хапае, прыязджайце і запраўляйцеся.

— То-бок мы зможам заправіць поўны бак і каністры?

— Так, вядома.

Падобную карціну мы атрымалі і падчас званкоў на іншыя АЗС у Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Там таксама запэўнілі: абмежаванняў на колькасць паліва няма, аўтамабіль можна заправіць да поўнага бака, а таксама запоўніць каністры.

Пытанне пра памежныя АЗС узнікае не ўпершыню

Падобныя чуткі з'яўляюцца на фоне маштабнага паліўнага крызісу ў Расіі. Адной з яго галоўных прычын сталі рэгулярныя ўдары Украіны па расійскай нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. За апошнія месяцы ўкраінскія сілы нанеслі дзясяткі ўдараў па НПЗ, у выніку чаго частка нафтаперапрацоўчых магутнасцяў краіны была выведзеная з ладу. У шэрагу расійскіх рэгіёнаў у чэрвені і ліпені ўводзілі абмежаванні на продаж бензіну. У залежнасці ад рэгіёна кіроўцам маглі адпускаць па 15‑30 літраў за раз, а ў некаторых месцах асобна абмяжоўвалі продаж паліва ў каністры.

На гэтым фоне беларускія АЗС, асабліва размешчаныя паблізу мяжы, аказаліся пад павышанай увагай. Яшчэ ў чэрвені з'яўляліся паведамленні, што расіяне актыўна запраўляюцца ў Беларусі і вязуць паліва з сабой. 

У пачатку ліпеня з'явілася інфармацыя і пра абмежаванні ў адваротным кірунку. На пераходзе Каськоў-Клюкіна на трасе Смаленск-Мсціслаў расійскія памежнікі, паводле паведамленняў, не дазволілі кіроўцу вывезці ў Беларусь бензін у дадатковай каністры ў аб'ёме больш за 10 літраў. Сваё рашэнне яны патлумачылі забаронай на вываз паліва з Расіі за мяжу.

Беларускія ўлады і «Беларуснафта» пры гэтым публічна запэўніваюць, што дэфіцыту паліва ў Беларусі няма. Яшчэ ў пачатку ліпеня прадстаўнік кампаніі заяўляў, што паліва на АЗС і складах дастаткова, пастаўкі адбываюцца своечасова, а лімітаў, у тым ліку на памежных запраўках, няма. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула