БЕЛ Ł РУС

«Была ў Егіпце 12 разоў, там не лепш». Беларусы расказалі, як адпачываюць у айчынных санаторыях

18.07.2026 / 17:30

Nashaniva.com

З’ездзіць у санаторый у Беларусі па цане ўсё адно што адпачыць недзе на моры. Выданне devby.io даведалася ў беларускіх айцішнікаў, якія самі з гэтым сутыкнуліся і могуць параўноўваць, чым менавіта санаторыі для іх добрыя ці кепскія.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Unsplash

«Для калег санаторыі — «Фу!»»

Наталля:

— Я шмат адпачывала ў санаторыях: разоў з 30 была ў «Юнацтве» — там у мяне была «залатая карта», якая давала максімальную зніжку; ездзіла ў «Плісу», у «Прыазёрны», у «Спадарожнік», усяго зараз не згадаю. Але магу сказаць, што ў параўнанні з «Юнацтвам» усе астатнія — не вельмі.

Раней у «Юнацтве» быў класны дырэктар, ён падабраў выдатную каманду, у санаторыі было вельмі прыгожа, кармілі смачна, сэрвіс на ўзроўні Еўропы, найлепшыя спецыялісты — кайф, карацей. А кошт — каля 700 даляраў за 10 дзён.

Я ездзіла ў «Юнацтва» на працягу гадоў 8 — па некалькі разоў на год. Але там змяніўся дырэктар, і ўжо год-два як яны адмянілі карты са зніжкамі для пастаянных кліентаў — што непрыемна. Санаторый стаў неяк больш арыентавацца на расіян, цэны «ўзляцелі» (зараз каля 50% гасцей там — з Расіі, і ім цэны ок, асабліва тым, хто з Масквы ці з Піцера), пуцёўкі не дастаць.

Апошні раз адпачывала там увосень летась, узімку ўжо паехала ў «Спадарожнік» — і гэта, дарэчы, суцэльнае расчараванне пасля «Юнацтва» (як і «Прыазёрны»): усё ж супрацоўнікі, што жывуць у сталіцы, на парадак вышэйшыя, чым хлопцы і дзяўчаты з глыбінкі. Нават у СПА бачна гэтая розніца — грошы тыя ж, а масаж якасна іншы. І ежа лепшая.

Што скажу тым, хто лічыць, што за тыя ж грошы можна ў Егіпце адпачыць, — я была в Егіпце 12 разоў, і не, там не лепш. У санаторыі чысцей, персанал больш ветлівы, ежа здаравейшая і смачнейшая, і няма назойлівых егіпцян. У Егіпце ёсць толькі адзін плюс — гэта Чырвонае мора.

Не ўсе гэта разумеюць: сярод маіх калег, напрыклад, няма нікога, хто б таксама ездзіў у санаторыі — гэта чыста мая «фішка», а для іх санаторыі — «Фу!» і «для старпёраў». Часам яны мяне падколваюць, што мая «мэтавая аўдыторыя — гэта дзяды». Хоць у санаторыях дзядоў значна менш, чым бабак. Мужчын наогул у санаторыях мала, а тыя, што ёсць — з жонкамі. Санаторыі — гэта царства жанчын, часам з дзецьмі, зусім маленькімі ці не вельмі.

І так, у санаторыях амаль усё разлічана на тых, «каму за 60»: і дыскатэкі, і фільмы, і экскурсіі, і караоке пад баян, і майстар-класы па пляценні з саломкі і размалёўцы яек, а яшчэ распродажы мёду, прысмакаў і беларускага трыкатажу, а таксама канцэрты беларускіх артыстаў — карацей трэш, угар і садамія.

А я туды езджу па хваёвым лесе блукаць, а ўвечары іду ў басейн і лазню — і міма гэтага жаху праходжу ў халаце.

«Паехаць без дзяцей пад пальмы — таўро найгоршых бацькоў ever, а вось паехаць без іх жа ў санаторый — норм»

Рыгор (імя зменена):

— Мая жонка кажа, што «да санаторыяў проста трэба дарасці», — мы з ёй дараслі.

Наогул варта сказаць, што лёс зрабіў нам вялікі падарунак у выглядзе трайнят. Пакуль дзеці былі маленькімі, мы яшчэ спрабавалі з імі падарожнічаць: ездзілі ў Турцыю, у Балгарыю, у Грэцыю… У выніку змяняліся толькі назвы гатэляў і колер матрацаў на шэзлонгах, а так — адна і тая ж паласа неба, паласа мора і паласа пляжу, і ты загараеш вертыкальна, бо прылегчы нельга ні на секунду — дзеці, як тараканы, разбягаюцца, хто куды.

Зараз яны ўжо падлеткі, а значыць прыраўноўваюцца гатэлямі да дарослых — палічыце, колькі па цяперашніх цэнах абыдзецца адпачынак на моры на пяцярых дарослых. Паехаць без іх пад пальмы — значыць атрымаць таўро «найгоршых бацькоў ever» ад бабуль, а вось паехаць без іх жа ў санаторый — норм, бо «Фу-у-у, гэта для пенсіянераў» і «Што мы будзем там рабіць? Едзьце самі!»

Мы ездзім у несезон, калі ў бабуль ужо заканчваюцца дачныя работы. Дзеці ў гэты час у школе — ды ім і нецікава ў санаторыі. Бяром з сабой ровары — паўдня катаемся ці гуляем, яшчэ паўдня праводзім на працэдурах і ў басейне. Па вечарах глядзім фільмы, чытаем кніжкі (я толькі ў санаторыях і знаходжу час на тое, каб чытаць ненавучальную літаратуру) і гуляем у настолкі. Пенсіянеры адпальваюць на дыскатэках — але нам, інтравертам, гэтага не трэба, мы аднаўляемся ў цішыні.

Мы былі ў «Прыазёрным». Былі ў «Белай русі» на Нарачы — колькі каштавалі пуцёўкі, я ўжо не згадаю. Кармілі там нядрэнна, па сістэме «шведскі стол». Працэдуры спадабаліся. А яшчэ ў «Белай Русі» першая берагавая лінія.

Мінулай восенню ездзілі ў «Баравое» — заплацілі трохі менш за 3000 рублёў на чалавека за 12 дзён. Таксама было нядрэнна.

Калега ездзіў з сям’ёй у санаторый на выхадныя (які канкрэтна, не ведаю) — і абураўся: заплацілі, як за 3 дні ў пяцізоркавым гатэлі ў Турцыі (без пералёту), а нумары «прытомленыя», ежа «сталоўская», на тэрыторыі ні прыстойнай кавярні, ні рэстарана; гразямі мажуць не ўсяго цалкам, а ставяць аплікацыі, ванны — толькі хвойныя, за іншыя трэба яшчэ даплаціць; у басейне патрабуецца шапачка. «Як ты ездзіш?»

А я езджу па іншае: нас з жонкай у гэты час ніхто не чапае, не дастае пастаяннымі «ма-а-ам» і «та-а-ат», мы не нясём ні за кога адказнасці. Проста круцім педалі, гуляем ці адмакаем у вадзе — і перазараджаемся.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Unsplash

«Усё было добра, але бліжэй да канца была радая, што едзе дадому — там у яе хоць ёсць, з кім пагаварыць»

Антон (імя зменена):

— Я не езджу ў санаторыі. Заўсёды лічыў, што цэны на размяшчэнне і паслугі завышаныя (за гэтыя грошы можна адпачыць у той жа Грузіі), а вось якасць — «на троечку з плюсам», савецкую троечку па пяцібальнай сістэме. Нядаўна давялося ўмацавацца ў сваім меркаванні.

Вясной прыйшлося забіраць з санаторыя маму калегі. Сам ён жыве за мяжой, а мама тут, у Беларусі. Візу ёй зрабіць не атрымалася, ды яна і не паехала б — праблемы з сэрцам і ўзрост ужо не той, каб у аўтобусе на мяжы суткі кукаваць.

Калега падумаў — і купіў ёй пуцёўку ў санаторый «Юнацтва». А я павінен быў адвезці, а потым забраць (не падумайце нічога дрэннага пра калегу — я сам прапанаваў). Ну і вось рэзюмэ маёй размовы з гэтай мілай дамай.

Кошт адной ночы ў нумары складаў амаль 370 рублёў, то-бок за 10 дзён — без малога 3700 (зараз было б 4370 — я глядзеў на сайце санаторыя). Многія працэдуры ёй нельга было выконваць — не буду ўдакладняць, чаму, ёсць супрацьпаказанні. Можна было ў басейн і, мяркуючы па словах маёй суразмоўцы, большасць людзей у ім і праводзіла амаль увесь свой час: «раніцай у халатах, днём у халатах, нават увечары ў халатах». Але мама калегі не плавае, плюс яна падзялілася страхам паслізнуцца на мокрай кафлі — і зламаць шыйку сцягна. Так што жанчына амаль увесь час праводзіла на двары, гуляла па тэрыторыі.

Водгукі пра харчаванне добрыя — мая суразмоўца хваліла стравы, але набор, як я зразумеў, стандартны для большасці ўстаноў, якія працуюць па сістэме «шведскі стол».

Мама калегі думала, што яе як у савецкія часы пасадзяць за стол з кімсьці яшчэ («прысвояць месца») — і яна пазнаёміцца з іншымі гасцямі. Але «людзі паміж сабой не камунікавалі», а калі каму і даводзілася падсесці да яе ў гадзіны пік, яны «елі моўчкі, а паеўшы, зычылі добрага вечара і развітваліся». Для мяне гэта не мінус, але вось мая суразмоўца была трохі расчараваная.

«Усё было добра», але бліжэй да канца свайго знаходжання жанчына была радая, што едзе дадому — там у яе хоць ёсць з кім пагаварыць. Ну і так, яна лічыла, што сын дарма патраціў грошы — лепш бы яна правяла час на дачы, «там таксама гуляць можна».

Я пасля гэтай паездкі спытаў у жонкі: а ці хацела б яна ў санаторый. Яна сказала, што палічыла б за лепшае паехаць на мора. І я з ёй згодны.

%MCEPASTEBIN%

Чытайце таксама:

Беларускія санаторыі ўраўнавалі цэны на паслугі для беларусаў і расіян

«У басейнах стоячы месца няма». Мінчукі рванулі на пляжы і ў аквазоны — і засталіся расчараваныя

Дзе ў Мінску можна купацца і якія ўмовы на пляжах

Новае курортнае месца пад Мінскам ФОТЫ

«У нас усё спакойна». Беларускі санаторый у Крыме не папярэджвае гасцей пра небяспеку

Каментары да артыкула