Знайшлі зніклага ў Каталоніі беларуса Генадзя Смаляка
Амаль месяц вяліся пошукі зніклага ў Іспаніі беларуса Генадзя Смаляка. Цяпер яго знайшлі і, як пацвердзіла «Радыё Свабода» былая жонка, сяброўка і калега Генадзя Марта, шпіталізавалі. Падрабязнасцяў таго, як для Генадзя прайшлі папярэднія тыдні, не раскрываюць.
Генадзь Смаляк
9 ліпеня стала вядома, што Смаляка бачылі 6 ліпеня пад Барселонай. Марта тады падзялілася з «Радыё Свабода» асноўнай версіяй яго знікнення — мужчына перастаў прымаць неабходныя яму таблеткі, не разумее, дзе ён знаходзіцца і, імаверна, згубіўся падчас шпацыру.
Генадзя ў той дзень бачылі каля ягонага ранейшага месца жыхарства. Ён хадзіў па вуліцах, але ў пагоршаным псіхічным стане, не ўсведамляючы, што адбываецца. Апошні месяц, са слоў сяброўкі, Смаляк быў у кепскім эмацыянальным стане, ні з кім не кантактаваў, амаль не размаўляў з суседзямі, з пакою і з дому амаль не выходзіў, «еў, спаў, курыў цыгарэткі». Падобная сітуацыя ўжо здаралася сёлета ўвесну, але тады Генадзь не сыходзіў з дому.
Падаць заяву на знікненне беларуса ў каталонскую паліцыю было складана і ўдалося не з першага разу, бо такія заявы прымаюць толькі ад родных. У Смаляка ж крэўных у Іспаніі няма, і пакуль яны не могуць зрабіць візы і прыехаць. У паліцыі прапанавалі, каб родныя падалі заяву аб знікненні чалавека ў беларускую міліцыю — тады б калегі шукалі яго ў межах міжнароднай супрацы. Аднак блізкія мяркуюць, што гэта кепскі варыянт, бо Смаляку ў Беларусі пагражае палітычны пераслед за ягоную грамадскую і журналісцкую дзейнасць.
Генадзю Смаляку 36 гадоў. У Беларусі ён дапамагаў бяздомным аднаўляць дакументы, перасяляцца ў вёскі, займаўся праектам «Ежа замест бомбаў», дзе валанцёры кармілі бяздомных. Таксама Смаляк працаваў санітарам у псіханеўралагічным інтэрнаце №3 у Мінску. Дадаткова там жа валанцёрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрната, праводзіў арт-тэрапію.
Як сам Генадзь раней расказваў выданню Most, ён укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да вады, тэлевізары ў палатах, магчымасць для валанцёраў наведваць гэтых людзей. Калі, з ягоных слоў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрната скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся са скандалам.
Пасля ад’езду з Беларусі Генадзь жыў ва Украіне, Польшчы, Германіі, Іспаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданняў, у тым ліку займаўся медыйным праектам Not today, not yesterday, not tomorrow.
Чытайце таксама:
«Яго бачылі пад Барселонай». Што вядома пра пошукі беларуса, які згубіўся ў Іспаніі
«Ні з кім не кантактаваў, з пакою амаль не выходзіў». Што вядома пра зніклага ў Іспаніі беларуса
У Іспаніі знік 37‑гадовы беларус. Блізкія не могуць знайсці яго ўжо тыдзень