Святлана Ціханоўская: Амерыканскі трэк вызвалення палітвязняў працягваецца, Трамп ставіў задачу вярнуць 1 300 чалавек
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская падчас выступу 18 ліпеня на фестывалі TUTAKA пракаментавала працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пры пасярэдніцтве ЗША. Паводле яе слоў, нягледзячы на чуткі, камунікацыя і каардынацыя з амерыканскім бокам застаюцца пастаяннымі, піша «Позірк».
Фота: офіс Ціханоўскай
Амерыканскі трэк вызвалення палітвязняў у Беларусі працягваецца, заявіла Святлана Ціханоўская 18 ліпеня на сустрэчы ў рамках фэсту TUTAKA.
«Гэта такая тонкая сітуацыя, што немагчыма проста расказваць. Мне вельмі шкада, што людзі спекулююць менавіта на тэме палітзняволеных, — сказала яна. — Я хачу сказаць адно, што ў нас пастаянная камунікацыя з амерыканскім бокам. Мы разумеем, якія адбываюцца працэсы, з намі дзеляцца [інфармацыяй], ёсць каардынацыя. І я спадзяюся… давайце я так скажу, што, канешне, мы зможам пабачыць вызваленых людзей».
«Я вам хачу сказаць, што цікавасць да тэмы не згубілася. Што была пастаўленая задача [прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, ад яго] прагучала лічба — 1300. Мы павінны разумець, што палітзняволеных было больш, чым 1300. Мы разумеем, што нават калі гэтая лічба будзе дасягнутая, за краты працягнуць кідаць людзей. Ёсць шмат людзей, якія не ў спісах праваабарончых арганізацый — з розных прычын, але мы павінны разумець, што гэтыя людзі ёсць», — падкрэсліла палітык.
Паводле яе слоў, тыя паведамленні, якія людзі пішуць прадстаўнікам ЗША — у прыватнасці спецпасланніку прэзідэнта па Беларусі Джону Коўлу — адносна тых ці іншых палітвязняў, «даходзяць, яны чытаюцца».
Ціханоўская сказала, што «працэс, можа быць, цяжкі, але ж працэс ідзе». «З цяжкасцямі, не так хутка, як нам усім хацелася б, але людзі працуюць», — канстатавала дэмлідарка.
Па выніках апошняй сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка 2026 года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 было дазволена застацца на радзіме, а 15 вывезена ў Літву (частка пасля накіраваліся ў Польшчу).
Агулам з удзелам Белага дома на волю выйшла больш за 400 чалавек. Наўзамен ЗША паступова здымаюць санкцыі з рэжыму Лукашэнкі.
Чакалася, што Коўл наведае Мінск у траўні, аднак гэтага не адбылося. У чэрвені спецпасланнік Трампа абверг інфармацыю пра тое, што працэс вызвалення беларускіх палітвязняў пад эгідай Вашынгтона прыпынены. Пасля ён даў зразумець, што неўзабаве можа чарговым разам прыбыць у Беларусь.
Пасля тэлефоннай размовы з Лукашэнкам 15 жніўня 2025 года Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial, што мэтай званка было выказаць таму падзяку за вызваленне групы вязняў. «Мы таксама абмяркоўваем вызваленне яшчэ 1300 зняволеных», — адзначыў ён тады.