У Еўрасаюзе падае падтрымка новых санкцый супраць Расіі
Сярод тых, хто тармозіць рашэнне, Грэцыя, Францыя, Італія, Германія, Аўстрыя, Партугалія.
Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Паводле інфармацыі Financial Times, у Еўрасаюзе наспеў крызіс падтрымкі новага пакета санкцый супраць Расіі — краіны адмаўляюцца ўхваляць меры, якія могуць нашкодзіць іх уласным кампаніям.
Шэраг краін запатрабавалі выключэнняў або заблакавалі 21‑ы пакет санкцый. Сярод іх Грэцыя, Францыя, Італія, Германія, Аўстрыя, Партугалія.
Грэцыя адмаўляецца ўхваляць увесь пакет, калі не атрымае дазвол на транспартаванне расійскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) у трэція краіны. Гаворка ідзе пра кампанію Dynagas грэцкага мільярдэра-суднаўладальніка Георгіяса Пракапіу, якая перавезла з 2022 года больш за 30 млн тон ЗПГ з арктычнага праекта «Ямал» (паводле ацэнкі FT — на суму звыш 24 млрд даляраў).
Партугалія і Германія патрабуюць прыбраць забарону на закупку расійскай рыбы, спасылаючыся на абарону мясцовай рыбаперапрацоўчай галіны.
Францыя ды Італія хочуць змякчыць забарону на выдачу віз ЕС расійскім вайскоўцам, якія ўдзельнічалі ў вайне (абедзве краіны — папулярныя турыстычныя кірункі).
Аўстрыя зноў патрабуе размарозіць 2 млрд еўра расійскіх актываў для кампенсацыі Raiffeisen Bank за штраф, накладзены Масквой.
Паколькі санкцыі ЕС патрабуюць аднагалоснага адабрэння, вета заблакавала перамовы — чатыры дні кансультацый амбасадараў краін-членаў у Бруселі не прывялі да згоды. Дыпламаты адзначаюць, што ўзровень адмоў дасягнуў беспрэцэдэнтнага маштабу.
Гэта адбываецца на фоне таго, як Украіна ўзмацняе ваенны ціск на Расію дальнабойнымі ўдарамі па Маскве і НПЗ, а заходнія саюзнікі спадзяюцца, што адзіны фронт прымусіць Пуціна сесці за стол перамоў. Пры гэтым дыпламаты адзначаюць, што нежаданне часткі краін ЕС падтрымліваць жорсткія меры зводзіцца да таго, ці адчуваюць яны прамую пагрозу з боку Расіі — у адрозненне ад краін Балтыі і Паўночнай Еўропы, якія ад пачатку бачылі гэтую пагрозу як рэальную.