Уладальніка кампаніі-прадаўца на Wildberries і Ozon асудзілі па палітычнай крыміналцы
Максім Кісель — мінскі бізнэсовец са шматгадовым вопытам і заснавальнік кампаніі Globalplace, якая дапамагае беларускім вытворцам прадаваць свой тавар на маркетплэйсах.
Максім Кісель. Фота з ягонага фэйсбука
Максіму Кіселю 43 гады. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці, звязанай з бізнэсам і маркетынгам.
З 2012 года Кісель генеральны дырэктар ТАА «Глобалплэйс» — кампаніі, якая гандлюе на Wildberries і Ozon і бярэ на сябе поўны цыкл працы па вывадзе на маркетплэйсы іншых беларускіх вытворцаў.
Таксама мужчына развіваў уласную гандлёвую марку кавы Rooster. Апроч гэтага, Кісель кіраваў фірмовай крамай беларускага брэнда моладзевай вопраткі Cerber Brand, а таксама выступаў на розных семінарах і форумах па бізнэсе.
28 лютага 2026 года мужчына знаходзіўся на адпачынку за мяжой — публікаваў фота з Ціроля ў аўстрыйскіх Альпах. Але адразу па вяртанні з-за мяжы знік з сацсетак. Падобна, тады яго змясцілі ў СІЗА.
Нядаўна ў Мінскім гарадскім судзе яму вынеслі прысуд. Максіма Кісяля абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Бізнэсмену прысудзілі хатнюю хімію.
Чытайце таксама:
Расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі па трох палітычных артыкулах за каментары ў тэлеграме
Былога гукарэжысёра БТ асудзілі да калоніі пасля вяртання з Польшчы
Удзельніка «Армейскіх гульняў» з Бакштаў асудзілі па пяці палітычных артыкулах