У Гомелі рабочага дапусцілі да працы з 3,6 праміле алкаголю. Гэта скончылася трагедыяй
У Гомелі падчас пасяджэння раённай камісіі па прафілактыцы п'янства, алкагалізму, наркаманіі і ўжывання псіхаактыўных рэчываў абмеркавалі выпадкі, калі работнікі з'яўляліся на прадпрыемствах у стане ап'янення. Нягледзячы на прафілактычную працу і кантроль, такія сітуацыі працягваюць адбывацца, піша выданне «Белка».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Белка»
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі пасяджэння надалі смяротнаму няшчаснаму выпадку на адным з прадпрыемстваў. Там падчас пагрузкі лесаматэрыялаў у чыгуначны вагон рабочы атрымаў смяротную траўму ад элемента газавага крана.
Расследаванне яшчэ працягваецца, але ўжо ўстаноўлена, што мужчына наогул не павінен быў знаходзіцца ў гэты дзень на працы. Аднак жа майстар, імкнучыся выканаць вытворчы план, выклікаў яго ў якасці дапамогі і дапусціў да працы, хоць той знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап'янення.
Экспертыза паказала, што ў крыві загінулага было 3,6 праміле алкаголю. Такая канцэнтрацыя лічыцца вельмі небяспечнай і можа прывесці да цяжкага атручвання. Паводле сведчання спецыялістаў, яна адпавядае выпітым прыкладна паўтара літра гарэлкі.
Майстра, які дапусціў парушэнне, звольнілі, а яшчэ некалькі супрацоўнікаў атрымалі дысцыплінарныя спагнанні. Каб не дапусціць падобных трагедый у будучыні, на прадпрыемстве пачалі выпрабоўваць сістэму інструментальнага кантролю стану работнікаў з відэафіксацыяй.
На іншым, ужо прыватным прадпрыемстве, выявілі праблему іншага характару. У канструктара, якога прынялі на працу, пазней была выяўлена моцная залежнасць ад прэпарата баклафен. Хоць гэты лекавы сродак не ўваходзіць у спіс наркатычных рэчываў, яго злоўжыванне можа сур'ёзна ўплываць на паводзіны чалавека.
Паводле кіраўніцтва прадпрыемства, работнік то знаходзіўся ў стане эйфарыі, то станавіўся цалкам абыякавым да таго, што адбываецца, і не мог нармальна выконваць свае абавязкі. У выніку працоўны кантракт з ім быў скасаваны.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся на трэцім прадпрыемстве, дзе вартаўнік з'явіўся на працоўным месцы з прыкметамі алкагольнага ап'янення. Аднак афіцыйна пацвердзіць гэты факт не ўдалося, бо мужчына, калі яго спрабавалі затрымаць, уцёк.
Чытайце таксама:
Пад Полацкам мужчына патануў падчас катання на маторнай лодцы
82‑гадовая амерыканская бабуля дабілася, каб у дамах састарэлых падавалі алкаголь
Тры чалавекі памерлі пасля застолля ў Лагойску. Але ад чаго, пакуль невядома
У Мінску арыштавалі «чорнага рыэлтара», які спрабаваў завалодаць кватэрай алкаголіка