БЕЛ Ł РУС

Андрэй Пачобут атрымаў арэндную кватэру ў Беластоку

28.07.2026 / 18:24

Nashaniva.com

Былы палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут падпісаў заяву на арэнду кватэры з жыллёвага фонду Камунальнага таварыства сацыяльнага будаўніцтва (KTBS) у Беластоку. Цяпер заява будзе разгледжаная Жыллёвай камісіяй, пасля чаго пройдзе стандартную працэдуру, паведамляе DzikMedia.

Андрэй Пачобут — другі злева. Фота: Dawid Gromadzki

«Дзякую прэзідэнту Беластока Тадэвушу Трускаляскаму за запрашэнне ў Беласток. Адсюль мне будзе значна лягчэй працягваць працу дзеля дэмакратыі ў Беларусі, а таксама на карысць Беластоку і беларускай меншасці, якая жыве тут», — сказаў Андрэй Пачобут.

Андрэй Пачобут падпісвае заяву. Фота: Dawid Gromadzki

Шлях Андрэя Пачобута да атрымання жылля ў Беластоку будзе карацейшы за стандартны дзякуючы яго выключным заслугам перад горадам. Такую магчымасць прадугледжвае ўстаноўчы акт кампаніі KTBS.

«Спадзяюся, што ўжо ў другой палове жніўня Андрэй Пачобут будзе жыць у Беластоку, які стане другім домам для гэтага выбітнага чалавека. Рады і таму, што наш горад атрымае такога выдатнага грамадзяніна», — заявіў прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.

Сам Андрэй Пачобут, аднак, у прынагоднай размове з журналістамі сказаў, што сам ён у верасні збіраецца паехаць жыць у родны Гродна, а ў Беласток будзе толькі прыязджаць. Кватэрай жа ў гэтым горадзе на пастаяннай аснове будуць карыстацца яго дзеці.

«Калі буду іх (дзяцей) наведваць, буду ў сябе», — адзначыў Пачобут.

Ён дадаў, што яго дачка ўжо чатыры гады жыве ў Беластоку, а сын у будучыні плануе тут вучыцца.

Андрэй Пачобут — журналіст Gazeta Wyborcza і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Яго затрымалі ў Гродне ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023‑га асудзілі на восем гадоў калоніі паводле абвінавачанняў у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Падставай для пераследу, сярод іншага, сталі яго публікацыі і погляды на гістарычныя падзеі. Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем.

28 красавіка 2026 года яго вызвалілі пасля больш як пяці гадоў няволі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Сам Пачобут настойвае, што яго дом застаецца ў Гродне.

Чытайце таксама:

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады

Пачобут паразважаў, ад чаго залежыць будучыня Беларусі

Пачобут выступае перад дэпутатамі Еўрапарламента ВІДЭА

Каментары да артыкула