Моцны землятрус у Перу пашкодзіў храм XVI стагоддзя
У Перу землятрус магнітудай 5,1, які адбыўся 18 ліпеня, сур'ёзна пашкодзіў касцёл Святога Апостала Якуба (Iglesia del Apóstol Santiago) у горадзе Чонгас-Баха. Гэта адзін з найстарэйшых хрысціянскіх храмаў у Перуанскіх Андах, пабудаваны ў XVI стагоддзі на загад іспанскага віцэ-караля Франсіска дэ Таледа. Будынак мае статус аб'екта культурнай спадчыны Перу, піша The Art Newspaper.
Фота: Міністэрства культуры Перу
У выніку стыхіі абвалілася большая частка даху і частка галоўнага фасада. Ацалелыя канструкцыі прызнаныя небяспечнымі для эксплуатацыі. Храм быў узведзены з саману — будаўнічага матэрыялу з гліны, саломы і пяску — і накрыты чарапічным дахам.
Таксама пацярпела 30‑метровая званіца, якой цяпер пагражае абвал. Яе ў свой час узвялі з цэглы і цэменту замест першапачатковай саманнай вежы, разбуранай падчас аднаго з папярэдніх землятрусаў.
Пашкоджанні атрымалі і драўляныя, і каменныя алтары са старадаўнімі рэлігійнымі выявамі. Каб толькі замяніць дах, спатрэбіцца больш за 400 тысяч даляраў.
Аднаўленне помніка можа ўскладніцца праз нявызначанасць у сферы культурнай палітыкі новай адміністрацыі прэзідэнткі Кейка Фухіморы, якая пачынае працу 28 ліпеня. Пакуль супрацоўнікі Міністэрства культуры Перу разам з валанцёрамі і студэнтамі расчышчаюць завалы і перавозяць рэлігійныя рэліквіі ў бяспечныя месцы.
Касцёл змяшчае каля 300 чалавек і мае вялікае духоўнае, культурнае і турыстычнае значэнне. Ён прыцягвае паломнікаў з розных рэгіёнаў краіны і адыгрывае важную ролю ў жыцці мясцовай супольнасці.
Парафіяльны святар Рыкарда Ачаран ужо распачаў кампанію па зборы ахвяраванняў праз архідыяцэзію Уанкаё, каб знайсці сродкі на аднаўленне гістарычнага храма.
Чытайце таксама:
У Японіі адбыўся моцны землятрус
Колькасць загінулых у выніку землятрусу ў Венесуэле перавысіла пяць тысяч чалавек