БЕЛ Ł РУС

У Літве затрымалі трох чалавек, якія прыехалі ў лесе забіраць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі

30.07.2026 / 15:32

Nashaniva.com

У Алітускім раёне Літвы памежнікі перахапілі буйную партыю цыгарэт, дастаўленую з Беларусі метэазондамі, і затрымалі трох чалавек, якія прыехалі забраць груз.

Фота: VSAT

У панядзелак вечарам супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай граніцы Літвы выявілі вялікі мяшок з кантрабандай і зладзілі засаду.

Праз дзве гадзіны па груз прыехаў мікрааўтобус з трыма жыхарамі Алітуса. Затрыманым — 24, 35 і 38 гадоў. Адзін з іх быў нядаўна дэпартаваны з Ірландыі і не мае сталага месца жыхарства.

У мяшку знайшлі 24 кардонныя скрыні (12 тысяч пачкаў) цыгарэт «NZ Gold» і «Minsk Superslims» Гродзенскай табачнай фабрыкі «Нёман». Агульны кошт кантрабанды разам з падаткамі складае больш за 65,5 тысяч еўра.

Распачата крымінальная справа за кантрабанду і незаконны абарот акцызных тавараў.

Двух затрыманых пасля допыту адпусцілі пад падпіску, а трэцяга суд узяў пад варту на тры месяцы.

Вінаватым пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да 8 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула