Фельчар Арсень з праблемамі слыху з мінскай бальніцы хуткай дапамогі спявае на мове жэстаў і скарае сацсеткі ВІДЭА
У сеціве завірусілася відэа, на якім малады фельчар сталічнага клінічнага шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі Арсень Давідовіч выконвае песню на мігі. А яшчэ хлопец пасля смерці бабулі-мусульманкі, якая яго моцна любіла, прыняў іслам.
Хлопец нарадзіўся з генетычнай хваробай і мае праблемы са слыхам, але гэта не перашкодзіла яму скончыць медыцынскі каледж, працаваць у дыягнастычнай лабараторыі і, акрамя гэтага, выступаць у тэатры.
Арсень Давідовіч. Фота: Медыцынскі веснік
Відэа з выступам Арсеня знялі яшчэ ў 2024 годзе, але яно зноў прыцягнула ўвагу, дзякуючы публікацыі ў Threads. Многім стала цікава даведацца пра лёс гэтага сімпатычнага хлопца.
Арсень нарадзіўся ў Гродне, па бабулі мае казахскія карані. Вучыўся ў спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Нягледзячы на гэтую праблему, ужо ў пяць гадоў хлопчык умеў і чытаць, і пісаць, а таксама чытаў на памяць вершы. Прычым не толькі голасам, але і дактылем (з дапамогай пальцавай азбукі).
Першапачаткова Арсеній марыў быць кухарам, але ў выніку паступіў у Мінскі медыцынскі каледж, пра што не шкадуе. На пасадзе фельчара-лабаранта планавай клініка-дыягнастычнай лабараторыі Бальніцы хуткай дапамогі ў Мінску ён стабільна збірае падзякі і кампліменты ад пацыентаў.
«Самы прыемны і ўважлівы малады спецыяліст», — водгукі такога характару можна раз-пораз сустрэць у сеціве.
Каб размаўляць з пацыентамі, акрамя слыхавых апаратаў, фельчары-лабаранты з парушэннем слыху карыстаюцца планшэтамі. Фота: «Медыцынскі веснік»
Спецыяльныя налепкі — дадатковая падказка для магчымасцяў дыялогу з лабарантам падчас забору крыві. Фота: Медыцынскі веснік
Акрамя медыцыны, у жыцці Арсенія заўсёды прысутнічала творчасць — ён з малых гадоў выступае на сцэне. У Мінску знайшоў сябе на пляцоўцы рэспубліканскага ДК імя Шарко. Там ён і спявае, і грае ў тэатры як актор. Яго першай роллю быў Пітон у пастаноўцы пра Маўглі.
Песню «Усё ў тваіх руках», якую беларус выконвае на відэа, ён абраў не проста так — можна сказаць, гэта дэвіз Арсеня. Пасля смерці бабулі-мусульманкі, з якой яны былі вельмі блізкія, малады чалавек прыняў іслам.
«Мой дэвіз па жыцці — гэта пяты аят з 94‑й суры Карана: «За кожным цяжарам настае палёгка». За кожнай чорнай паласой ідзе белая. Жыццё само па сабе добрае, але ў ім часта здараюцца праблемы, якія з часам мінаюць. Я заўсёды дзякую Усявышняму за ўсё, што ў мяне ёсць, за тое, чаго я змог дасягнуць. І ўсім жадаю мужна пераносіць усе цяжкасці гэтага жыцця, не здавацца, верыць у лепшае, ісці да канца, немагчымае магчыма. Усё ў вашых руках!» — перадае Арсень праз журналістаў.
Часам свае спевы і танцы Арсень таксама выкладвае ў інстаграм.