БЕЛ Ł РУС

Трамп паставіў пад сумнеў перадачу Украіне ліцэнзіі на ракеты для Patriot

31.07.2026 / 06:59

Nashaniva.com

Гэтую тэму Трамп і Зяленскі абмяркоўвалі падчас сустрэчы ў Вашынгтоне ў аўторак

Дональд Трамп. Фота: Andrew Harnik/Getty Images 

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у тэлефонным інтэрв'ю Financial Times у чацвер заявіў, што «не ўпэўнены», ці дазволіць ён Украіне вырабляць ракеты для зенітных сістэм Patriot. «Мы разглядаем гэтае пытанне», — піша Бі-бі-сі.

Абяцанне прадаставіць ліцэнзію на вытворчасць ракет для Patriot прагучала ў пачатку ліпеня падчас сустрэчы Трампа з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях саміту НАТА ў Турцыі.

Гэтую тэму Трамп і Зяленскі абмяркоўвалі і падчас сустрэчы ў Вашынгтоне ў аўторак, паведамляў украінскі прэзідэнт, для якога боепрыпасы да Patriot маюць крытычнае значэнне і неабходныя для адбіцця пачашчаных расійскіх удараў балістычнымі ракетамі.

«Гэта сапраўды выключная зброя, і нам трэба быць крыху больш асцярожнымі ў тым, каму мы выдаём ліцэнзіі. Насамрэч мы не выдаём ліцэнзій на такое абсталяванне», — сказаў Трамп у інтэрв'ю Financial Times.

Зяленскі назваў апошнюю сустрэчу з прэзідэнтам ЗША «добрай» і паведаміў, што яны абмеркавалі «вытворчасць зенітных ракет Patriot і некалькі іншых ідэй». Паводле слоў прэзідэнта Украіны, Трамп «прыняў прапанову аб прадастаўленні нам ліцэнзій».

Сістэмы Patriot маюць жыццёва важнае значэнне для перахопу расійскіх балістычных ракет, якія накіроўваюцца на Кіеў і іншыя гарады. Таму пераканаць Трампа разгледзець магчымасць дазволіць Кіеву вырабляць гэтыя ракеты стала значным дасягненнем для Зяленскага, адзначае выданне.

Трамп таксама паведаміў Financial Times, што яго спецыяльныя пасланнікі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер наведаюць Украіну ў найбліжэйшыя дні, пацвердзіўшы інфармацыю крыніц выдання. Гэта будзе іх першы візіт у Кіеў пасля некалькіх сустрэч з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Маскве.

«Калі казаць проста, мы хочам, каб вайна ва Украіне з Расіяй скончылася, — сказаў амерыканскі прэзідэнт. — Мне не патрэбныя ракеты. Нам патрэбны мір».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула