У Пампеях аднавілі роспіс скляпенняў, якіх не існуе ўжо два тысячагоддзі
Амаль дзве тысячы гадоў таму распісныя скляпенні банкетнай залы пампейскай вілы абрынуліся пад невыносным цяжарам вулканічнага попелу і камянёў. Італьянскія рэстаўратары здолелі па кавалках сабраць іх у адзіную кампазіцыю, свядома пакідаючы прагалы для фрагментаў, што яшчэ чакаюць свайго часу ў зямлі.
Каманда рэстаўратараў працуе над мацаваннем і ачысткай фрагментаў на выгнутай модульнай раме, якая паўтарае форму арыгінальнай столі. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Як піша выданне The New York Times, навукоўцы прэзентавалі адноўленую фрэску з так званага Дома з пякарняй (Casa con Panificio), размешчанага ў дзявятым раёне Пампей. Калісьці гэты манументальны жывапіс аздабляў столь банкетнай залы на верхнім паверсе багатай вілы, якая, імаверна, належала мясцоваму магістрату Аўлу Русцію Веру. У 79 годзе нашай эры вывяржэнне Везувія ператварае раскошныя інтэр'еры ў друз, перамяшаны з попелам.
Столі рымскіх дамоў звычайна рабіліся ў выглядзе фальшывых скляпенняў: драўляны каркас абшывалі трыснягом і пакрывалі тынкоўкай, на якую ўжо наносілі малюнак. Арганічная аснова ўразлівая да гніення і пажараў, таму захаваныя антычныя столі — гэта выключная археалагічная рэдкасць. Сёння вядома толькі каля двух дзясяткаў падобных аб'ектаў.
Сабраная з асобных аскепкаў частка фрэскі з выявай жаночай фігуры. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Тая ж фігура, перанесеная на раму ў атачэнне з гратэскаў: выяваў ракавін, птушак і раслінных матываў. Фота: Parco Archeologico di Pompei
На сабраным з тысячы кавалкаў палатне разгортваецца сцэна іерагаміі — свяшчэннага шлюбу Дыяніса і Арыядны. Бог вінаробства спачывае на калясніцы, запрэжанай двума кентаўрамі-музыкантамі, пакуль крыцкая прынцэса грае на арфе пад акампанемент Эрота. Антычныя майстры шчодра аздобілі цэнтральнае пано расліннымі гірляндамі, фігурамі крылатых геніяў і рытуальнымі пасудзінамі, стварыўшы ідэальнае атачэнне для бясконцых застолляў.
Агульны выгляд модульнай рамы з замацаванымі фрагментамі. На гэты момант адноўлена каля чвэрці першапачатковай плошчы скляпення. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Каманда рэстаўратараў працуе над мацаваннем і ачысткай фрагментаў на выгнутай модульнай раме, якая паўтарае форму арыгінальнай столі. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Галоўны выклік для рэстаўратараў заключаўся не ў колькасці дэталяў, а ў геаметрычных асаблівасцях скляпенняў. Сабраць плоскую мазаіку здольны любы даследчык з добрай маторыкай і запасам цярпення, але скляпенне Дома з пякарняй мела складаную выгнутую форму. Каб вярнуць фрэсцы арыгінальную аб'ёмнасць, італьянскія інжынеры адмовіліся ад стандартных плоскіх шчытоў.
Схема цэнтральнай кампазіцыі (калясніца Дыяніса і кентаўры) з накладзенымі на яе арыгінальнымі фрагментамі тынкоўкі. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Дэталь фрэскі з прамавугольнай устаўкай, якая паказвае сюжэтную сцэну. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Паралельна з ачысткай і сартаваннем аскепкаў яны распрацоўвалі інавацыйную модульную раму. Гэтая канструкцыя змяняла свае абрысы літаральна ў працэсе працы: толькі паступовая стыкоўка арыгінальных фрагментаў дазваляла дакладна вылічыць радыус выгібу старажытнай столі. Кожны новы кавалак тынкоўкі дыктаваў сучасным тэхнікам форму падтрымліваючага каркаса. У выніку была створана ўнікальная матрыца, якая паўтарае гістарычную форму.
Фрагмент роспісу столі з выявай геаметрычных арнаментаў, гратэскаў і міфалагічных фігур. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Сёння спецыялістам удалося аднавіць толькі каля чвэрці першапачатковай кампазіцыі. Мноства ідэнтыфікаваных фрагментаў усё яшчэ ляжаць у лабараторных скрынях, а сотні іншых чакаюць свайго адкрыцця ў нераскапаных пакоях вілы. Модульная сістэма мацавання мае яшчэ адну стратэгічную функцыю — яна адкрытая для будучых дапаўненняў.
Модульная канструкцыя з адноўленым скляпеннем выстаўленая ў Вялікай палестры Пампей. Рэстаўрацыйныя працы працягваюцца ў прысутнасці наведвальнікаў. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Рэстаўратар апрацоўвае фрагменты фрэскі ахоўным складам (мікракрышталічным воскам) для кансервацыі. Фота: Parco Archeologico di Pompei
Рэстаўратары не імкнуліся імітаваць завершанасць. Новая рама дазваляе ў любы момант дадаваць свежазнойдзеныя кавалкі ў агульную мазаіку без дэмантажу папярэдніх. Працэс аднаўлення будзе доўжыцца гадамі, ідучы следам за ходам раскопак.
Адрэстаўраваная частка фрэскі ўжо выстаўленая для агляду ў Вялікай палестры Пампей.