Беларуска з картай паляка выйшла замуж за літоўца і збіралася пераехаць да яго, але ёй забаранілі ўезд у Літву
Прычынай стала былая праца.
Беларуска расказала ў сацсетках, што пасля вяселля ёй забаранілі ўезд у краіну мужа. Два гады таму яна выйшла замуж за грамадзяніна Літвы, з якім пазнаёмілася, калі прыехала ў Вільню да сяброўкі.
Пара вырашыла жыць у Літве, тым больш што шлюб з літоўцам дае дзяўчыне права на літоўскі ДНЖ. Пасля вяселля дзяўчына падала дакументы на ДНЖ.
Але ж яна не атрымала доўгачаканы пластык:
«Замест дазволу я атрымала адмову. А потым здарылася тое, чаго мы ўвогуле не чакалі — літоўская міграцыйная служба прызнала мяне пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла мне ўезд у краіну на 2,5 года».
У адным з каментароў у інстаграме беларуска тлумачыць прычыны такога рашэння. Паводле яе слоў, літоўцы пайшлі на такі крок праз яе частыя паездкі на радзіму і «працу ў навінавым партале ў Беларусі».
Пасля атрымання ад Літвы статусу пагрозы дзяўчына не здалася. Яна пайшла судзіцца з літоўскай міграцыёнкай і выдаткавала на гэта каля года. Першы суд дзяўчына прайграла, але падала апеляцыю і апеляцыйны суд выйграла. Загадалі перагледзець справу, але новы суд дзяўчына зноў прайграла.
Давялося шукаць новую краіну, дзе пара магла б уз’яднацца. Выбралі Польшчу.
Пашчасціла, што ў беларускі была карта паляка. Дзяўчына атрымала яе 7 гадоў таму. Карта паляка дала магчымасць падацца на сталы побыт.
Чытайце таксама:
Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі
«30 тысяч ужо аддаў за арэнду». Праграміст усё палічыў і ўзяў іпатэку ў Вільні