Людзі ў Кіеве загінулі, калі беглі ў схованкі і дапамагалі параненым
У ноч на 1 жніўня расіяне зноў атакавалі Украіну. У пяці раёнах Кіева пацярпелі дзясяткі людзей. Сем кіяўлян загінулі ў Дарніцкім раёне сталіцы Украіны, які вораг атакаваў балістычнымі ракетамі.
Фота: Суспільне
Частка з іх трапіла пад удар, калі спрабавала дабрацца да сховішча, паведамляе «Суспільне. Київ».
У Дарніцкім раёне дзве балістычныя ракеты трапілі непадалёк ад жылых дамоў. Былі пашкоджаныя 13 шматпавярховікаў, а ў адным са сквераў пасля падзення ракеты ўтварылася вялікая варонка.
Пасля абвяшчэння паветранай трывогі мясцовыя жыхары пабеглі да бетоннага збудавання, якое выкарыстоўвалася як сховішча. У гэты момант побач выбухнула адна з ракет — загінулі пяць чалавек.
Калі іншыя кіяўляне пачалі аказваць дапамогу пацярпелым, побач ударыла яшчэ адна ракета, якая забіла яшчэ двух чалавек.
Жыхар аднаго з пашкоджаных шматпавярховікаў распавёў, што падчас атакі загінуў яго сусед — мужчыну адарвала ногі.
«Першы выбух прагрымеў, калі ўсе спалі. Другі — калі бедныя людзі пачалі ўцякаць. Частка цяпер атрымала кантузіі.
Там унізе была больш-менш трывалая бетонная пабудова, раней там быў завод. Людзі схаваліся там. Асколкамі пасекла тых, хто бег туды. У нашым доме пашкоджаныя ўсе трохпакаёвыя кватэры. Некаторыя людзі не маглі выбрацца», — расказаў кіяўлянін Алег.
Падчас атакі загінуў патрульны паліцэйскі Ягор Цярохін, які ў тую ноч дапамагаў пацярпелым на месцы абстрэлу. У 22‑гадовага кіяўляніна засталіся маці і дзевяцігадовы брат.
«Службу ў Патрульнай паліцыі Кіева Ягор пачаў у 2025 годзе. Ён быў адданы прысязе, добрасумленна выконваў свае службовыя абавязкі, быў надзейным напарнікам і чалавекам, які заўсёды прыходзіў на дапамогу тым, хто яе патрэбаваў.
Такім ён застаўся да апошняй хвіліны свайго жыцця. Ратуючы іншых, ён аддаў самае дарагое — уласнае жыццё», — паведамілі ў Патрульнай паліцыі.
Яшчэ адна сямейная пара здолела выратавацца, схаваўшыся ў ванным пакоі. Муж і жонка жывуць на трэцім паверсе аднаго з пяціпавярховых дамоў, дзе расійскі ўдар часткова разбурыў пад'езд на першых двух паверхах.
«Нас выратавала ванная. Плітка пачала сыпацца, але бойлер ацалеў. Не ведаю, як ён не зваліўся нам на галовы і як мы засталіся жывыя.
Муж толькі крыху парэзаў нагу аб шкло. А ўвогуле Бог нас выратаваў — інакш я гэта растлумачыць не магу», — расказала жыхарка Кіева Леся.
Пад ударам таксама апынуўся Саламянскі раён, дзе пацярпелі два шматпавярховыя дамы, паведамляе «Київ24». У будынках выгарэлі кватэры, выбуховай хваляй выбіла большасць вокнаў, былі разбураныя міжпавярховыя перакрыцці, пашкоджаныя балконы і фасады.
Фота: кіраўніка МУС Івана Выгіўскага, facebook.com
«Мы пачулі некалькі першых выбухаў і пачалі выбягаць з кватэры, але ўбачылі, што ляціць яшчэ адна балістычная ракета, таму вырашылі не рызыкаваць і засталіся. У нейкі момант пачулі ўдар — знікла святло. Потым адбыўся другі ўдар і вельмі моцная выбуховая хваля.
Калі расплюшчылі вочы, убачылі, што ў нас выбітыя ўсе вокны і дзверы. Фактычна засталіся толькі сцены», — расказаў адзін з жыхароў Кіева.