У Вільні з’явіўся новы анёл. Яго зрабіў беларус
У віленскім раёне Зарэчча (Ужупіс), побач з будынкам Віленскай акадэміі мастацтваў, усталявалі новую скульптуру анёла пад назвай Hiraeth. Яго стваральнік — беларус Андрэй Лаўрусенка.
Фота: orb0red / Instagram
Лаўрусенка — выпускнік мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка. З 2023 года ён працягвае сваё навучанне ў Віленскай мастацкай акадэміі.
Назва скульптуры паходзіць ад валійскага слова «hiraeth», якое азначае асаблівы стан глыбокай тугі па доме або месцы, у якое ўжо немагчыма вярнуцца.
Праца стала часткай выставы студэнтаў акадэміі, выстава з часам можа змяняць сваё месца ў горадзе.