БЕЛ Ł РУС

Беларускі рэжысёр Яўген Карняг ставіць у Маскве спектакль пра апошнія дні ў бункеры Гітлера

2.08.2026 / 15:42

Nashaniva.com

Маскоўскі яўрэйскі тэатр «Шалом» абвясціў планы на сезон 2026-2027, сярод прэм’ер — спектакль галоўнага рэжысёра беларускага тэатра лялек Яўгена Карняга, піша Reform.news.

Афіша спектакля «Магда»

Першыя паказы спектакля Карняга «Магда» па п’есе брытанскага драматурга Майкла Ардыці пройдуць 12 і 13 верасня. Дзеянне спектакля адбываецца ў берлінскім бункеры Гітлера 22 красавіка 1945 года. У аснове сюжэта — сустрэча Евы Браўн, каханкі Гітлера, і Магды Гебельс, жонкі міністра прапаганды Ёзэфа Гебельса. Праз вобразы людзей, якія апынуліся побач з уладай, робіцца спроба даследаваць працэс ператварэння культурнай і гуманістычнай Германіі ў нацысцкую дзяржаву, кіраваную гвалтам.

«Бункер нібы сабраў міні-мадэль германскага грамадства таго часу: тут і наіўныя людзі, якія нічога не хацелі ведаць пра зверствы нацызму, і прадстаўнікі народа, «ад зямлі», якія шчыра падтрымліваюць Гітлера, і фанатык, і інтэлігент, і ідэолаг, і «будучыня нацыі» — дзеці, якія вераць, што іх бацькі і дзядзька фюрэр — «самыя лепшыя людзі на планеце», — паведамляе анатацыя.

«Як атрымалася, што выдатная Германія — радзіма Шылера, Гётэ, Дзюрэра, Мана, Рэмарка, Брэхта і сотняў іншых вялікіх гуманістаў — ператварылася ў нацысцкую дзяржаву, якая спальвае людзей і знішчае свабоду? Хто адкажа за мільёны знішчаных жыццяў і разбураных дамоў? Хто атрымае пакаранне, і ці ёсць яно?» — над гэтымі пытаннямі прапануюць задумацца гледачу.

Жанр новай пастаноўкі Карняг вызначыў як «калыханку, якая пераходзіць у хорар».

Разам з рэжысёрам над прэм’ерай працуюць мастачка Таццяна Нерсісян, мастак па святле Мікалай Суркоў і кампазітарка Кацярына Аверкава.

Для Яўгена Карняга гэта першая праца на сцэне «Шалома».

Театр «Шалом» быў заснаваны ў 1988 годзе як першы і адзіны ў Расіі прафесійны яўрэйскі тэатр. За гады працы зарэкамендаваў сябе як эксперыментальная пляцоўка, дзе ставяць спектаклі на вострыя сацыяльныя і культурныя тэмы. «Шалом» прыцягвае гледачоў не толькі яўрэйскімі пастаноўкамі, але і праектамі, прысвечанымі агульначалавечым каштоўнасцям. Тэатр актыўна супрацоўнічае з рэжысёрамі і драматургамі, якія працуюць у жанры сацыяльнага тэатра.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула