БЕЛ Ł РУС

У Беластоку хуліганы прычапіліся да беларускай сям’і і пачалі яе абражаць

3.08.2026 / 13:20

Nashaniva.com

Наталля разам з мужам і васьмігадовай дачкой вярталася дадому пасля прагулкі, калі да іх прычапілася група маладых людзей.

Беларуская сям’я ўжо восем гадоў жыве ў Беластоку. Хлопцы-палякі пачалі выкрыкваць у іх адрас ксенафобскія абразы, піша Most.

Пра здарэнне Наталля расказала ў гарадской суполцы Spotted Białystok, і яе допіс выклікаў шырокую дыскусію. Большасць карыстальнікаў падтрымала беларуску, аднак некаторыя ўсклалі віну на ўкраінцаў.

Наталля паведаміла, што разам з мужам і дзецьмі жыве ў Беластоку ўжо восем гадоў. Сям’я вядзе ў горадзе ўласны бізнэс, плаціць падаткі і сацыяльныя ўзносы. Жанчына апісала непрыемную сітуацыю, якая здарылася адным з вечароў напрыканцы ліпеня.

«Мы вярталіся дадому пасля прагулкі ўсёй сям’ёй, у тым ліку з васьмігадовай дачкой. Каля вугла нашага дома стаялі хлопцы. Калі мы спыніліся і я звярнулася да мужа па імені, яны павярнуліся да нас і пачалі паводзіць сябе вульгарна. Крычалі: «Sp**dalaj na Ukrainę». Выкрыквалі лаянку і іншыя абразы», — напісала Наталля.

На выгляд, паводле яе слоў, маладым людзям было каля 19—20 гадоў — «амаль дзеці». Адзін з іх падскочыў да яе мужа, пачаў яго правакаваць і пагражаць.

Наталля патэлефанавала ў паліцыю, пасля чаго маладыя людзі ўцяклі.

«Хачу сказаць некалькі слоў бацькам, якія выхавалі гэтых дзяцей. Спадзяюся, што калі вам або вашым дзецям калісьці давядзецца з’ехаць у іншую краіну, бо вас нешта не задаволіць або вы не пагодзіцеся з тым, што адбываецца ў вашай дзяржаве, ніводзін жыхар той краіны не скажа ні вам, ні вашым дзецям таго, што сёння пачула я», — напісала беларуска.

«Ідыёта не пераканаеш ні ўчынкам, ні словам»

Пад допісам Наталлі разгарнулася актыўная дыскусія — за два дні карыстальнікі пакінулі больш за 450 каментарыяў. Большасць жыхароў Беластока падтрымала беларускую сям’ю.

«Вельмі шкада. Я жыву за мяжой ужо 34 гады, і хоць я полька, мне ніколі ніхто не крычаў, каб я «правальвала» ў Польшчу. Ад усяго сэрца прашу ў вас прабачэння за іх! Я таксама з Беластока, люблю гэты горад, але цяпер нават страшнавата туды вяртацца», — напісала Эльжбета.

«Гэта вельмі сумная і непрыемная гісторыя. Але ў кожнай краіне ёсць такія людзі, і гэта не азначае, што ўсе мы такія. Спадзяюся, што звычайна вы сустракаеце толькі добразычлівае стаўленне. Усяго вам найлепшага і няхай такое больш ніколі не паўторыцца», — адзначыла Яланта.

«Ідыёта не пераканаеш ні ўчынкам, ні словам. Проста жывіце далей і не звяртайце ўвагі на паводзіны неадэкватных людзей. Абдымаю вас і ўсю вашу сям’ю ад усяго сэрца. Я хоць і не з Беластока, але жыву недалёка. Паверце, нармальных беластачан вельмі шмат», — напісала Кася.

«Такія дзікуны заўсёды знойдуць нагоду, каб да некага прычапіцца. Пра такіх трэба паведамляць у паліцыю, а яшчэ лепш — сфатаграфаваць іх, каб было вядома, каго шукаць», — параіла Эльжбета.

«Наталля, ведаю, што мне лёгка гэта пісаць, але не прымайце блізка да сэрца паводзіны маргіналаў і дурняў», — адзначыў Марцін.

«Мне сорамна», — напісала іншая карыстальніца.

«У любы момант можаш з’ехаць далей або вярнуцца ў Беларусь»

Аднак пад допісам з’явіліся і варожыя каментарыі.

«Гэта палка з двума канцамі: як паводзяць сябе ў нас беларусы і ўкраінцы, так ім і адказваюць палякі», — напісаў Томаш.

«Не падабаецца? У любы момант можаш паехаць далей або вярнуцца ў Беларусь. Замест таго каб скардзіцца», — заявіў Пётр.

Частка каментатараў абвінавачвае ва ўсім украінцаў, сцвярджаючы, што яны дрэнна паводзяць сябе ў Польшчы.

«Яны проста не зразумелі, што вы з Беларусі. А што да ўкраінцаў, успомніце, як палякі сустрэлі іх пасля пачатку вайны. За гэтыя чатыры гады ўкраінцы самі заслужылі такое стаўленне», — лічыць Анджэй.

«Мне вельмі шкада. Мы любім беларусаў. Але праз пастаянныя правакацыі ўкраінцаў гэтыя маладыя людзі былі злымі і паводзілі сябе нахабна, бо мы ўсе стаміліся ад гэтых бандэраўцаў. Вам проста дасталася памылкова», — напісала Эвеліна.

«Ведаю, што гэта глупства і так не павінна быць, але калі б вы адразу сказалі, што вы з Беларусі, нічога б не здарылася, бо ўся справа толькі ва ўкраінцах», — лічыць Анжаліка.

«Трэба было адразу сказаць, што вы беларусы, а не ўкраінцы. Думаю, гэта вельмі хутка спыніла б канфлікт», — параіла Эва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула