У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС
У Румыніі армія разгарнула маштабную вайскова-інжынерную аперацыю на Дунаі, каб выратаваць ад прыпынення атамную электрастанцыю «Чарнаводэ». Праз надзвычайную засуху і рэзкае падзенне ўзроўню вады АЭС апынулася пад пагрозай недахопу вады для астуджэння рэактара.
Каб перанакіраваць рачны паток у бок вадазабору станцыі, сапёры і вадалазы 3 жніўня выкарысталі 180 кілаграмаў выбухоўкі і змаглі разбурыць падводную скалу Пыржоая.
Першая спроба, праведзеная напярэдадні, завяршылася няўдачай, але падчас другога выбуху каменны масіў ужо быў паспяхова адколаты.
Найбліжэйшым часам плавучы кран дастане вялізныя абломкі з вады, пасля чаго вайскоўцы затопяць у гэтым месцы чатыры 70‑метровыя баржы з каменем.
Такая штучная дамба дазволіць скіраваць асноўны паток вады ў патрэбны бок.
Сітуацыя з воднымі рэсурсамі ў рэгіёне набліжаецца да гістарычнага мінімуму 1985 года. З-за рэзкага скарачэння вытворчасці электраэнергіі ўрад Румыніі ўжо абвясціў у краіне стан надзвычайнай сітуацыі на жнівень.
Аналагічны крызіс ужо закрануў і суседнюю Венгрыю, дзе праз недахоп вады ў Дунаі прыйшлося часткова прыпыніць працу АЭС «Пакш».