БЕЛ Ł РУС

Адзіны НПЗ Грузіі адмаўляецца ад расійскай нафты

3.08.2026 / 16:58

Nashaniva.com

Адзіны ў Грузіі нафтаперапрацоўчы завод поўнага цыклу, размешчаны ў порце Кулеві, у жніўні—верасні цалкам спыніць закупкі расійскай нафты і пяройдзе на перапрацоўку сыравіны з Казахстана і Лівіі.

НПЗ у Кулеві. Фота: portnews.ru

Такое рашэнне прыняла кампанія Black Sea Petroleum LLC (BSP) пасля таго, як Еўрапейскі саюз уключыў Кулеўскі НПЗ у 21‑шы пакет антырасійскіх санкцый. Паводле ўмоў санкцый, прадпрыемства павінна адмовіцца ад выкарыстання расійскай нафты не пазней за 25 студзеня 2027 года.

У кампаніі паведамілі, што перапрацоўка казахстанскай нафты пачалася яшчэ ў пачатку ліпеня. У жніўні завод таксама пачне працаваць з лівійскай сыравінай. Чакаецца, што першая партыя нафты з Лівіі прыбудзе ў Кулеві ў перыяд з 20 па 30 жніўня.

Пагадненне аб пастаўках лівійскай нафты было падпісана 3 ліпеня 2026 года. Яно будзе дзейнічаць да канца 2027 года з магчымасцю далейшага падаўжэння.

Расія ўпершыню пачала пастаўляць нафту на Кулеўскі НПЗ у кастрычніку 2025 года. Завод стаў першым у Грузіі прадпрыемствам поўнага цыклу па перапрацоўцы нафты. Яго стварэнне павінна дапамагчы краіне зменшыць залежнасць ад імпарту гатовых нафтапрадуктаў, якія раней у асноўным закупляліся ў Турцыі, Азербайджане, Румыніі, Расіі і Казахстане.

Цяпер магутнасць прадпрыемства складае каля 1,2 мільёна тон нафты ў год. Да 2028 года плануецца павялічыць яе да 4 мільёнаў тон. Выпрацаваныя нафтапрадукты будуць пастаўляцца як на ўнутраны рынак Грузіі, так і на экспарт.

Чытайце таксама:

Адзіны нафтаперапрацоўчы завод Грузіі трапіў пад санкцыі Еўрасаюза

У Саратаве гарыць НПЗ

УСУ нанеслі ўдар па НПЗ ва Уфе

Каментары да артыкула