БЕЛ Ł РУС

У Буда-Кашалёўскім раёне знайшлі новы для краіны від лішайніку

3.08.2026 / 19:06

Nashaniva.com

Супрацоўнікі лабараторыі мікалогіі падчас інвентарызацыі грыбной і лішайнікавай флоры ў рэспубліканскім біялагічным заказніку «Буда-Кашалёўскі» знайшлі новы для Беларусі від лішайніку — Chaenothecopsis oregana Rikkinen, паведаміў Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Фота: t.me/botanyby

Знаходка была зроблена ў кіслічнай дуброве на смале елкі еўрапейскай.

Фота: t.me/botanyby

Гэты від упершыню быў апісаны фінскімі навукоўцамі ў 2003 годзе ў Паўночнай Амерыцы — у амерыканскім штаце Арэгон. Тады яго знайшлі на смале піхты вялікай (Abies grandis).

Пазней лішайнік пачалі знаходзіць і ў Еўропе: Швейцарыі (2010 год), Іспаніі (2011 год), Латвіі (2024 год) і Эстоніі (2025 год). Па стане на 2026 год у свеце вядома каля 20 месцаў знаходжання гэтага віду, прычым большая частка з іх размешчаная ў ЗША.

У 2020 годзе Chaenothecopsis oregana быў уключаны ў Міжнародны Чырвоны спіс відаў, якім пагражае знікненне, як уразлівы від (катэгорыя VU).

Асаблівасць беларускай знаходкі ў тым, што ў заказніку «Буда-Кашалёўскі» на смале елкі было выяўлена каля 400 асобных пладовых целаў лішайніку. Гэта адна з самых буйных вядомых папуляцый гэтага віду ў свеце.

Чытайце таксама:

У палескіх лясах знайшлі незвычайны для Беларусі грыб

Новы від антарктычных лішайнікаў назвалі ў гонар беларускага даследчыка

У Беларусі знайшлі новы грыб і назвалі яго ў гонар Скарыны

Каментары да артыкула