БЕЛ Ł РУС

Будучы крэдыт пад 1% на новабудоўлі абрастае падрабязнасцямі. Як зменіцца рынак нерухомасці?

4.08.2026 / 17:54

Nashaniva.com

«Другасны рынак страціць 20—30% пакупнікоў — тых, каму не трэба купляць менавіта зараз і хто можа пацвердзіць банку даходы», — мяркуе Наталля Літоўская.

Фота: Lookby.media

Рынак нерухомасці жыве ў чаканні крэдытнай праграмы Беларусбанка, якая можа істотна змяніць сітуацыю з купляй кватэр.

Паводле папярэдняй інфармацыі, дзяржаўны банк будзе выдаваць крэдыты на куплю новабудоўляў пад выгадны працэнт: першыя два гады пад сімвалічны 1%. А па сканчэнні гэтага перыяду — пад 15,4% гадавых.

Зараз Беларусбанк падпісвае партнёрскія пагадненні з забудоўшчыкамі, якія будуць уключаныя ў праграму.

Па звестках эксперта па нерухомасці Наталлі Літоўскай на стадыі падпісання амаль усе мінскія камерцыйныя забудоўшчыкі.

«Падазраю, да 10 жніўня ўсе, хто падпісаў партнёрку, запусцяць рэкламу — каб паспець зафіксаваць увагу пакупнікоў», — піша яна.

Літоўская адзначае, што стаўка пасля грэйс-перыяду складзе 15,4% гадавых, прычым з прывязкай да стаўкі рэфінансавання.

Рэзкага росту цэн на старце Літоўская не чакае. На яе думку, частка забудоўшчыкаў падыме цэны прыкладна на 4% — на камісію банка.

Наймацней жа праграма ўдарыць па другаснай нерухомасці.

Паводле ацэнкі Літоўскай, другасны рынак страціць 20—30% пакупнікоў — тых, каму не трэба купляць менавіта зараз і хто можа пацвердзіць банку даходы: «Да забудоўшчыкаў з партнёрскім крэдытам пойдуць бацькі, якія купляюць дзецям кватэру на выраст, і тыя, хто разглядае жыллё як пенсійную падушку бяспекі.

Пры гэтым прапанова на другасным рынку пачне расці. «Калі ў цябе ёсць «лішняя» неліквідная кватэра, самы час яе прадаць, узяць крэдыт і за два гады пагасіць яго, пакуль стаўка 1%, — гэта значыць, павялічыць ліквіднасць амаль без пераплат. Калі яшчэ такі варыянт падвернецца?» — разважае Літоўская.

На яе думку, пры падзенні попыту база прапаноў будзе назапашвацца, а прадаўцы — не адразу, месяцы праз два, бо рынак інертны — стануць больш згаворлівымі, прычым ва ўсіх сегментах.

Дастанецца і інвестарам, якія толькі выходзяць на другасны рынак у якасці прадаўцоў і разлічваюць прадаць метры даражэй, чым такія ж на стадыі будаўніцтва. «Зрэшты, яны могуць і пачакаць заканчэння шчодрай акцыі — партнёрская праграма Беларусбанка не бестэрміновая», — піша экспертка.

Сам Беларусбанк планы аб іпатэцы пакуль афіцыйна не анансаваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула