БЕЛ Ł РУС

У Ла-Маншы ўратавалі 157 мігрантаў, якія спрабавалі пераплысці ў Вялікабрытанію на надзіманай лодцы

4.08.2026 / 18:37

Nashaniva.com

4 жніўня французскія і брытанскія ратавальныя службы правялі маштабную аперацыю ў праліве Ла-Манш, падчас якой дапамогу атрымалі 157 чалавек, якія спрабавалі пераправіцца з Францыі ў Вялікабрытанію на надзіманай лодцы, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Jean-Francois Badias

Інцыдэнт адбыўся ў зоне французскай пошукава-выратавальнай адказнасці. У лодкі загарэўся рухавік, пасля чаго яна пачала разбурацца. Сітуацыя стала крытычнай за некалькі хвілін, а пасажыры былі вымушаныя скакаць у ваду.

Для ратавання людзей задзейнічалі французскія ратавальныя караблі, верталёт ВМС Францыі і медыцынскія брыгады. Таксама ўдзельнічалі брытанская ратавальная арганізацыя RNLI і памежная служба Вялікабрытаніі. Французскія службы выратавалі 103 чалавекі, брытанскія — 54. Усіх даставілі ў французскі порт Булонь-сюр-Мер, дзе ім аказалі медыцынскую дапамогу.

Паводле звестак уладаў, лодка адправілася з французскага ўзбярэжжа каля 6‑й гадзіны раніцы і ўвесь час знаходзілася пад наглядам ратавальнікаў.

Французскія марскія службы адзначаюць, што мігранты часта адмаўляюцца ад дапамогі, пакуль не ўзнікае непасрэдная пагроза жыццю. Ратавальнікі ж не заўсёды могуць прымусова ўмешвацца, бо перагружаныя лодкі могуць перакуліцца.

Колькасць людзей на такіх суднах у апошнія гады расце. Калі ў 2021 годзе на адной лодцы ў сярэднім было каля 26 чалавек, то цяпер гэты паказчык павялічыўся прыкладна да 65. У апошні час таксама пачалі з'яўляцца большыя лодкі даўжынёй каля 12 метраў.

30 ліпеня падчас двух спробаў перасячэння Ла-Манша загінулі чатыры чалавекі. Паводле афіцыйных даных, з пачатку года ў праліве загінулі не менш за 14 мігрантаў, у мінулым годзе ахвярамі такіх спробаў сталі 29 чалавек.

Разам з тым Францыя і Вялікабрытанія заяўляюць пра зніжэнне колькасці паспяховых нелегальных перасячэнняў мяжы. Брытанскі ўрад паведамляе, што дзякуючы ўзмацненню патрулявання і кантролю колькасць такіх выпадкаў скарацілася прыкладна на 50% у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года.

Міністр унутраных спраў Францыі Ларан Нуньес паведаміў, што з пачатку 2026 года да Вялікабрытаніі паспяхова дабраліся каля 10 тысяч чалавек супраць 24 тысяч за такі ж перыяд мінулага года. Доля няўдалых спробаў павялічылася з 58% да 65%.

Чытайце таксама:

Марока назвала дзве прычыны наплыву мігрантаў у Сеуту

Больш за 70 тысяч мігрантаў пакінулі Сеуту пасля спробы прарыву

67 чалавек загінулі пры спробе прарвацца ў Сеуту з Марока

Прарыў мараканцаў у Сеуту: што гэта было? Ці магла гэта быць тонкая помста Вашынгтона Мадрыду? І ці адаб’ецца на легалізацыі беларусаў?

Каментары да артыкула