БЕЛ Ł РУС

У Еўрасаюзе абмеркавалі міграцыйную палітыку пасля крызісу ў Іспаніі. Адзінства няма

4.08.2026 / 19:49

Nashaniva.com

Міністры ўнутраных спраў краін Еўрасаюза правялі экстранную відэаканферэнцыю пасля нядаўняга міграцыйнага крызісу ў іспанскім анклаве Сеўта. Яны спрабавалі выпрацаваць агульныя меры, каб не дапусціць паўтарэння падобных сітуацый, але перамовы выявілі сур'ёзныя рознагалоссі паміж краінамі ЕС, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo / Bernat Armangue

Крызіс у Сеуце стаў адным з найбуйнейшых міграцыйных выклікаў для Іспаніі. На мінулым тыдні з Марока ў іспанскі анклаў прарваліся больш за 50 тысяч чалавек. Іспанскія ўлады пачалі вяртанне мігрантаў у Марока, але частка людзей заставалася ў Сеуце.

Урад Іспаніі на чале з прэм'ер-міністрам Педра Санчэсам прытрымліваецца больш мяккага падыходу да міграцыі ў параўнанні з многімі іншымі краінамі ЕС. Гэта выклікала крытыку з боку дзяржаў, якія выступаюць за больш жорсткі кантроль межаў.

Найбольш рэзкую пазіцыю заняла Італія. Прэм'ер-міністарка Джорджа Мелоні крытыкавала міграцыйную палітыку Мадрыда і нават прапаноўвала часова выключыць Іспанію з Шэнгенскай зоны. Гэтую ідэю падтрымалі Данія і Фінляндыя, але Іспанія адхіліла яе, заявіўшы, што такое рашэнне не прадугледжана заканадаўствам ЕС.

Пасля крызісу ў Сеуце ўнутры Еўрасаюза ўзмацніўся падзел на краіны, якія патрабуюць узмацнення кантролю і абмежавання міграцыі, і дзяржавы, якія выступаюць за больш гуманны падыход.

Педра Санчэс звярнуўся да кіраўнікоў еўрапейскіх інстытутаў з заклікам выпрацаваць агульны адказ на міграцыйныя крызісы і абвінаваціў некаторыя краіны ў «эгаістычным падыходзе». У адказ 22 дзяржавы ЕС, у тым ліку Італія, Германія, Данія і Венгрыя, заклікалі да яшчэ большага ўзмацнення міграцыйнай палітыкі.

Некаторыя еўрапейскія палітыкі лічаць, што рашэнні Мадрыда аб легалізацыі часткі нелегальных мігрантаў маглі быць успрынятыя як сігнал аб адкрытасці іспанскіх межаў.

У апошні час ЕС ужо ўзмацніў міграцыйныя правілы, у тым ліку дазволіў краінам ствараць спецыяльныя цэнтры вяртання мігрантаў за межамі Еўрасаюза. Італія прапануе пашырыць такую практыку і ствараць падобныя цэнтры ў афрыканскіх краінах.

Аднак агульнага падыходу да міграцыйнай праблемы ў ЕС пакуль дасягнуць не ўдалося.

Чытайце таксама:

Марока назвала дзве прычыны наплыву мігрантаў у Сеуту

Больш за 70 тысяч мігрантаў пакінулі Сеуту пасля спробы прарыву

67 чалавек загінулі пры спробе прарвацца ў Сеуту з Марока

Прарыў мараканцаў у Сеуту: што гэта было? Ці магла гэта быць тонкая помста Вашынгтона Мадрыду? І ці адаб’ецца на легалізацыі беларусаў?

Італія прыпыніла «шэнген» з Іспаніяй на фоне мігранцкага крызісу ў Сеуце

Каментары да артыкула