БЕЛ Ł РУС

У Мінску з гістарычнага дома на Валадарскага знік знакаміты «балкон начальніка турмы»

6.08.2026 / 12:40

Ф. Раўбіч

Адзінокі балкон з каванай агароджай па вуліцы Валадарскага, 4 быў галоўнай разынкай дома, пра якую расказвалі турыстам на экскурсіях па горадзе.

Фасад дома па вуліцы Валадарскага, 4 пасля дэмантажу балкона. Бачныя новыя металічныя швелеры-кранштэйны для новага балкона. Фота: Threads / tanalina1975

Знікненне гістарычнага элемента заўважылі ў Threads. Турыстам раней расказвалі гарадскую легенду, звязаную з гэтым домам.

Гісторыя гучала прыкладна так: калі ў гэты дом засяляўся начальнік астрога, ён запатрабаваў, каб ягоная кватэра адрознівалася ад жылля падначаленых. У выніку толькі для яго зрабілі балкон, які і праіснаваў да нашых дзён.

У мінулым дзесяцігоддзі можна было бачыць, як на балконе растуць дрэвы. Фота: Wikimedia Commons

Але, будзем спадзявацца, гэта не канец балкона: дом на вуліцы Валадарскага, 4 сапраўды мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і з яго сцяны ўжо тырчаць два новыя металічныя швелеры, якія паслужаць апорай для новай балконнай пліты. Зараз тут праводзіцца запланаваны капітальны рамонт.

Дом па вуліцы Валадарскага, 4 у Мінску быў пабудаваны як дом для адміністрацыі мінскай турмы. Фота: Wikimedia Commons

Легенда часткова мае пад сабой гістарычны грунт. Гэты дом сапраўды цесна звязаны з гісторыяй сумнавядомага турэмнага замка (Валадаркі), размешчанага побач. Як сведчыць гістарычная даведка, будынак быў узведзены ў 1890‑я як жылы дом для адміністрацыі мінскай турмы. Яго пабудавалі за межамі асноўнай турэмнай агароджы. На першым паверсе тады знаходзілася вялікая чатырохпакаёвая кватэра самога начальніка турмы Іосіфа Воляна, а таксама кватэры яго памочнікаў.

Першапачаткова будынак быў двухпавярховым і неатынкаваным, а яго цагляная муроўка імітавала руст і мела багаты дэкор, аднак у сярэдзіне XX стагоддзя да яго надбудавалі трэці паверх і патынкавалі, значна спрасціўшы першапачатковы выгляд. Магчыма, што і балкон не быў адзіным на фасадзе, проста іншыя не дайшлі да нашага часу. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула