«Многія людзі стануць непатрэбнымі». Сузаснавальнік EPAM пра сяброўства з Добкіным, багацце і няроўнасць, жыццё ў Латвіі і настальгію
Сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер у вялікім інтэрв’ю devby распавёў пра жыццё ў Латвіі ў чаканні вяртання на радзіму, чаму вучыць сыноў ва ўмовах развіцця штучнага інтэлекту, а таксама расказаў пра кіл-зону для маладых спецыялістаў.
Леанід Лознер — вучоны-фізік, прадпрымальнік, сузаснавальнік EPAM Systems. Нарадзіўся ў 1960 годзе ў Мінску, скончыў фізічны факультэт БДУ, пачынаў кар’еру ў Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР, дзе займаўся аўтаматызацыяй фізічных працэсаў.
У 1993 годзе разам з Аркадзем Добкіным заснаваў EPAM. У сярэдзіне 2000‑х пакінуў аператыўнае кіраўніцтва кампаніяй, захаваўшы статус акцыянера.
Называе сябе кансерватыўным інвестарам. Тым не менш у 2017 годзе стаў адным з першых бізнэ-анёлаў агратэх-стартапа OneSoil, а ў 2023 годзе прыняў удзел у фінансаванні біятэх-стартапа Gero.
У 2010‑х Леанід актыўна падтрымліваў школьную STEM-адукацыю, развіццё робататэхнікі і папулярызацыю дакладных навук у Беларусі, быў чальцом праўлення асацыяцыі «Адукацыя для будучыні». Быў адным з ідэолагаў праекта ІТ-універсітэта.
З канца 2020 года пражывае ў Латвіі. Жанаты, мае двух сыноў.
Цяпер Леанід — эдвайзер праекта Next 35, новага штогадовага спісу беларусаў і беларусак да 35 гадоў, якія будуюць амбіцыйныя кар’еры і запускаюць праекты на міжнародным узроўні.
Пра Латвію: «Некаторыя сябры застаюцца, але ўжо ў роздуме»
— Леанід, хутка шэсць гадоў, як вы ў Латвіі. Раскажыце, як вы там апынуліся.
— Яшчэ ў 2012 годзе мы купілі зямельны ўчастак паблізу горада Цэсіс. Гэта сэрца Латвіі, вакол — нацыянальны парк Гауя, вельмі прыгожае месца.
Тут ёсць прыгожы экалагічны пасёлак Аматцыемс, які задумаў латвійскі бізнэсмен у той добры перыяд, калі Латвія была досыць прыязная да рускамоўных прыезджых і актыўна прадавала ім ВНЖ. Уладальнікам нерухомасці яна давала дакументы на пяць гадоў і потым прадаўжала іх да бясконцасці.
За гэты час мы пабудавалі тут дом. Спачатку ездзілі сюды як на дачу, а ў снежні 2020 года пераехалі. Вырашылі, што лепш паглядзім збоку, як хутка радзіма вернецца да спакойнага стану. Дасюль яшчэ чакаем.
— Як за апошнія гады ў Латвіі змянілася стаўленне да вас у прыватнасці і да рускамоўных мігрантаў у цэлым?
— З боку дзяржавы стала значна складаней. Многія людзі, з якімі я меў зносіны пасля 2020 года, ужо не ў Латвіі. Мае айцішныя сябры жывуць пераважна ў Польшчы або на Кіпры. Некаторыя застаюцца ў Латвіі, але ўжо ў роздуме.
Каб у мяне не было еўрапейскага (партугальскага) пашпарта, мы б не маглі тут жыць.
У нашым пасёлку першыя змены сталі заўважнымі яшчэ ў 2014 годзе: перасталі з’яўляцца новыя расійскія пакупнікі, бо Латвія ўзмацніла правілы ў сферы нерухомасці. Тады гэта датычылася толькі расейцаў, а з 2022 года — і беларусаў таксама.
Але мы ўжо ўбудаваліся ў гэтае жыццё. Прырода тут падобная да браслаўскай або нарачанскай — мае любімыя мясціны ў Беларусі. У гэтым сэнсе я адчуваю сябе як дома. Культурнае асяроддзе таксама досыць блізкае мне. Але латышскую мову я так і не вывучыў, бо ўсё яшчэ спадзяюся на вяртанне на радзіму.
— Адсутнасць мовы стварае дыскамфорт?
— У бытавым асяроддзі практычна ніякага. Усё ж латышы цярпімей ставяцца да рускамоўных прыезджых, чым да сваіх рускамоўных суграмадзян, якія так як след і не вывучылі латышскую. У Цэсісе ёсць толькі адно месца, крама канцылярскіх тавараў, дзе немаладая прадаўшчыца скрывілася, калі я першы раз спытаў у яе нешта па-руску. Цяпер я звяртаюся да яе па-англійску. Праўда, па-англійску яна не вельмі гаворыць, а па-руску не хоча. Таму самая праблематычная пакупка ў мяне — гэта канцтавары.
У астатніх месцах я не адчуваю ніякіх праблем. Пару соцень латышскіх слоў я ўсё ж ведаю і заўсёды пачынаю размову з прывітання па-латышску. Пасля гэтага з людзьмі старэйшага пакалення магу перайсці на рускую, і гэта заўсёды сустракаецца прыязна. З моладдзю ж трэба адразу гаварыць па-англійску, і ўсё таксама будзе добра.
Тыя, з кім я даўно знаёмы, ведаюць, што я — беларус і хацеў бы вярнуцца ў Беларусь, гэта апраўдвае мяне ў іх вачах. Афіцыянты ў кафэ гэтага, вядома, не ведаюць. Але калі яны чуюць, што мы з жонкай між сабой размаўляем па-руску, яны з усмешкай пераходзяць на рускую, калі ёю валодаюць.
З іншага боку, яны цалкам могуць дапускаць, што мы ўкраінскія бежанцы. Агулам усе гэтыя наратывы пераплецены ў Латвіі неймаверным чынам.
— Рэзюмуючы латвійскую тэму: вы ў Латвіі, таму што нерухомасць, таму што блізкі менталітэт і звычайны клімат?
— Клімат якраз не: улетку тут класна, але ўзімку — туга. Гэта ж на 500 км паўночней за Мінск, і кароткі светлавы дзень узімку множыцца на пахмурнае неба — дэпрэсіўная рэч.
У плане клімату мне больш падабаецца Партугалія. Прыязная і прывабная краіна, але своеасаблівая: там жывуць вельмі душэўныя людзі, дрэнна прыстасаваныя да сістэматычнай працы. Я ж выхаваны ў традыцыі адказнасці і дысцыпліны, і сутыкненне з грамадствам, у якім гэтыя паняцці надзвычай аслаблены, для мяне — кашмар і непаразуменне. Таму ўсё ж Латвія.
Тут у нас камфортнае жыллё, а вакол — вельмі прыгожая прырода. Едзеш з нашай вёскі ў Цэсіс па прадукты, глядзіш па баках і думаеш: як прыгожа!
Тут я адчуваю сябе як дома, амаль як у Лагойскім раёне, дзе жыў апошнія 20 гадоў перад ад’ездам. Таму я тут.
— Па радзіме сумуеце?
— Сумую. І спадзяюся вярнуцца. Але пакуль прыглядаюся.
Пра цяперашнія заняткі: «Я ўсё яшчэ бяру ў рукі шашачкі»
— Чым вы цяпер займаецеся? Інвестуеце?
— У 2017 годзе я далучыўся да венчурнага інвеставання, але агульначалавечыя перыпетыі апошніх пяці гадоў прывялі да істотнага астуджэння гэтай цікавасці.
Я ўсё яшчэ часам бяру ў рукі шашачкі, выказваючыся мовай старога жарту. На шчасце, я па-ранейшаму ў стане пісаць нескладаныя праграмкі на «пітоне» ў кампаніі з ШІ. Мне пашчасціла падтрымліваць творчы кантакт з лідарам кампаніі Gero Пятром Федзічавым — гэта крыніца маёй наіўнай калянавуковай творчасці. І з дапамогай вайб-кодынгу я мадэлюю розныя простыя ідэі ў галіне праблем старэння-даўгалецця. Проста для ўласнай інтэлектуальнай пацехі.
Яшчэ — зноў-такі ў партнёрстве з ШІ — я напісаў некалькі кароценькіх навукова-фантастычных апавяданняў. Іх можна знайсці на author.today — ужо даруйце за схаваную, а дакладней відавочную рэкламу.
Ну і, вядома ж, застаецца ёга: 18 гадоў адданай практыкі, да якой не так даўно дадаўся сёрфінг. У здаровым целе — здаровы дух, як казалі ў маёй камуністычнай маладосці.
— Таксама вы ў ліку эдвайзераў Next 35. Навошта вам гэты праект і па якіх крытэрыях будзеце ацэньваць крутую моладзь?
— Гадоў 20‑25 таму я актыўна ўдзельнічаў у падтрымцы школьных алімпіядных каманд. Вельмі ганаруся тым, што мяне запрашалі і ў журы Рэспубліканскага турніру юных фізікаў, дзе я аказваўся ў кампаніі сваіх універсітэцкіх прафесараў-выкладчыкаў і аднакашнікаў-акадэмікаў. Прайшло 20 гадоў, і для мяне вялікі гонар, што цяпер у такой жа годнай кампаніі паспяховых беларусаў я буду ацэньваць тое ж пакаленне, якому цяпер якраз каля 35-ці.
— Што важна паспець да 35‑ці і ці патрэбныя гэтыя ўзроставыя адсечкі?
— У мае 66 я не думаю, што ёсць нейкія жыццёвыя рубяжы, да якіх трэба нешта паспець. Я думаю, што галоўная жыццёвая ідэя ў тым, каб у кожным узросце не спазніцца. Не спазніцца ў адной-адзінай і самай галоўнай чалавечай справе — быць чалавекам.
Пра адукацыю: «Аддаў бы перавагу, каб сыны скончылі Ліцэй БДУ»
— У старых інтэрв’ю вы разважалі пра беларускую адукацыю: моцныя школы яшчэ ёсць, але іх усё менш, вузаўская сістэма дэградуе, і прычыны — у матэрыяльных фактарах. Вашаму малодшаму сыну цяпер 18. Ён паспеў павучыцца і ў Беларусі, і ў Латвіі. Можаце параўнаць?
— Калі мы пераехалі, малодшаму было 12. Ішоў кавід, і першы год сын працягваў вучыцца дыстанцыйна ў мінскай школе. А ў сёмы клас пайшоў тут у міжнародную школу Exupery з навучаннем на англійскай мове. Асноўны яе кантынгент — дзеці з рускамоўных сем’яў, таму мовай зносін з сябрамі ў значнай меры была руская. Але ў значнай меры і англійская.
Пасля Exupery ён год вучыўся ў англамоўнай бордынг-школе ў Швейцарыі, а два выпускныя класы — у Партугаліі, таксама на англійскай. У выніку атрымаўся сучасны хлапчук, які ў зносінах з бацькамі часта пераходзіць на англійскую.
— Гэта значыць ваш досвед не вельмі рэлевантны, вы не можаце параўнаць беларускую школу і звычайную латвійскую. Тады спытаем інакш: вы знайшлі ў міжнародных школах тое, чаго вам не хапала ў беларускай?
— Мае сыны прайшлі гімназію №50 — тую, у якой з трэцяга па восьмы клас вучыўся я сам і дзе мы пасябравалі з Аркадзем Добкіным. Старэйшы скончыў там 7‑9 класы перад вучобай у Еўропе, і тады гэта па-ранейшаму была класная школа. Малодшы вучыўся хутчэй у рэпетытарскім цэнтры, у значнай меры ўкамплектаваным педагогамі з 50‑й гімназіі. І таксама найлепшыя ўспаміны.
Сам я да ад’езду шмат супрацоўнічаў з Ліцэем БДУ, дапамагаў у паездках беларускіх каманд на міжнародныя алімпіяды. І думаю, што гэта адна з найлепшых школ, з якімі я калісьці сутыкаўся. Не ведаю, што там адбываецца сёння, але па стане на 2020 год гэта была выдатная школа. Аглядаючыся назад, я б аддаў перавагу, каб мае сыны скончылі гэты ліцэй.
— Чаму?
— У Ліцэі БДУ вучнёўская публіка фармавалася шляхам адбору лепшых хлопцаў і дзяўчат. У Exupery акадэмічны ўзровень быў добры і там працавалі настаўнікі пераважна савецкай загартоўкі (так, яны выкладаюць у Еўропе і па-англійску, але як педагогі склаліся яшчэ ў савецкі час), таму выкладчыцкі ўзровень, думаю, быў прыкладна аднолькавым. Але вось вучнёўскі ўзровень… Усё ж Exupery — гэта проста прыватная школа: плаціш і вучышся, ніякага адбору.
Напэўна, там былі добрыя хлопцы, яны падаліся ў нармальныя еўрапейскія ўніверсітэты. Але не было такога, як у класе, дзе вучыўся Юра Мельнічак.
Аднойчы Юра Мельнічак і Андрэй Аўсіевіч у размове са мной заўважылі: «Ну, так мы ж у Ліцэі БДУ ў адным класе вучыліся».
Я здзіўлена: «Нічога сабе ў вас клас!»
Яны: «Так ты яшчэ аднаго нашага аднакурсніка ведаеш — Ваня Табаравец».
А Ваня — вялікі кіраўнік па інфраструктуры ў EPAM (віцэ-прэзідэнт па карпаратыўнай інфраструктуры і стратэгіі — devby). Таксама абсалютна выдатны хлопец.
«А, — кажу, — вас не двое — вас трое такіх крутых было».
«Так і астатнія таксама нічога», — адказваюць яны.
І я разумею, што ў гэтым ліцэі — эліта. Пазней, калі я дапамагаў камандам ездзіць на турнір юных фізікаў, а гэта былі пераважна хлопцы з Ліцэя БДУ, я бачыў там зусім ужо элітную эліту. Вось бы з такімі разам вучыцца!
Гэтае адкрыццё я зрабіў гадоў у 10, калі на курорце ў Друскінінкаі гуляў з хлопчыкамі ў настольны тэніс. Тады я зразумеў, што калі гуляеш з тымі, у каго выйграеш, твой узровень гульні паціху падае. А калі з тымі, каму прайграеш, то ўзровень расце. І, калі хочаш у жыцці чагосьці дасягнуць, то гуляць трэба з тымі, каму для пачатку прайграеш.
Пра настальгію: «Яна не па савецкай уладзе, а па чалавечым духу»
— Вы не раз цёпла адгукаліся пра савецкую школу і яе выкладчыкаў. Сумуеце па тых часах?
— З майго пункту гледжання, савецкая школа была добрая. Калі я чую гісторыі пра тое, як настаўнікі над кімсьці здзекаваліся, то дзіўлюся: мой досвед быў зусім іншым, мяне не замыкалі ў шафе, я не плакаў на ўроках. Ну ладна, розныя бываюць настаўнікі. Мне пашчасціла, у мяне быў фантастычны настаўнік фізікі Юрый Дзмітрыевіч Ляшчынскі, які ў 1975‑м меў досвед выкладання на французскай мове ў алжырскім ліцэі. І ўсе іншыя настаўнікі былі годныя.
Але ні ў якім разе з гэтага не трэба рабіць выснову, што я з’яўляюся носьбітам марксісцкіх ідэй. Ні ў якім разе.
Справа ў тым, што ў часы майго савецкага дзяцінства і юнацтва чалавецтва ў цэлым перажывала навукова-тэхнічны ўзлёт, які, вядома ж, адлюстроўваў не што іншае, як саперніцтва дзвюх сістэм.
Гэта я разумею, аглядаючыся назад. Але тады для мяне, маленькага чалавека, які пачынаў самастойнае жыццё, гэтыя вялікія ідэі былі далёкімі і не вельмі зразумелымі. А побач, на рабочым месцы і ў блізкім асяроддзі, я бачыў, што мы хочам рабіць нейкія крутыя рэчы.
Школьнікам я, як і многія хлопцы, марыў быць касманаўтам. І ў дзявятым-дзясятым класе мы з маім цудоўным сябрам, які цяпер прафесар у Гарвардзе, цалкам маглі абмяркоўваць, ці зможа чалавецтва асвоіць далёкія галактыкі, ці наш максімум — Сонечная сістэма. Падазраю, цяпер школьнікі гэтага не абмяркоўваюць.
Да таго ж я рос у савецкай інтэлігентнай сям'і (мая мама — настаўніца, тата — інжынер-будаўнік), і гэта дапаўняла тую мройную атмасферу, у якой жыла частка моладзі.
Гэта значыць цывілізацыя жыла тым, што мы паляцім кудысьці далёка. Так, крыніцай гэтай атмасферы была гонка ўзбраенняў — ніякіх сумневаў. Потым стала зразумела, што на наш узровень жыцця асваенне касмічнай прасторы асабліва не ўплывае, а хутчэй проста пажырае грошы, якія можна накіраваць на штосьці іншае.
Ну, а на што мы накіроўваем іх сёння — ужо зусім іншая размова. І мне, вядома, не вельмі гэта падабаецца, не кажучы ўжо пра вялікую вайну.
Тыя каштоўнасці, якія пачалі панаваць у цывілізацыі, неяк далёкія ад касмічных палётаў. І мне ад гэтага сумна і нудна.
— Касманаўтамі хацелі быць многія дзеці, але потым гэтая мара кудысьці знікала.
— Калі праз «двойку» за паводзіны мне прыйшлося змяніць школу і я сустрэўся з Юрыем Дзмітрыевічам Ляшчынскім, то зразумеў, што касманаўтам не буду.
Затое пачаў марыць пра фізіку, і мая мара была ў тым, каб здабыць для чалавецтва крупінку новых ведаў. Гэта вельмі нясціпла, але гэта ж звышматывацыя. Таму я і кажу, што праца ў навуцы падобная да рэлігійнай ідэі. Я б параўнаў гэта са зносінамі з Усявышнім, калі б у яго верыў.
Вяртаючыся да сутнасці вашага пытання: мая настальгія па савецкіх часах — гэта не настальгія па савецкай уладзе, а настальгія па чалавечым духу, накіраваным удалечыню, угору — кудысьці, куды цяжка дабрацца, а не папросту да павышэння матэрыяльнага дабрабыту.
Першы курс фізфака БДУ (1982)
Пра «двойку» за паводзіны: «Такі я быў вясёлы хлопец»
— А за што ў вас была «двойка» за паводзіны?
— У школе за мной вадзілася балаўство — але не ад злоснасці, а ад задзірыстага характару. Вучыўся я на «выдатна», а вось за паводзіны была «двойка». Аднойчы ў сёмым класе я амаль увесь урок прасядзеў пад партай. А потым узяў і вылез — настаўніцу ледзь інфаркт не схапіў.
Яна мяне спытала, што я там рабіў. Я адказаў, што шукаў асадку. Зусім ідыёцкі жарт, але вось такі я быў вясёлы хлопец.
Потым быў выклік бацькоў да дырэктара — усё па поўнай праграме. І мы зразумелі, што трэба сыходзіць.
Так я апынуўся ў 23‑й школе, у класе з паглыбленым вывучэннем фізікі і радыёэлектронікі. Потым яна стала адной з вядучых беларускамоўных гімназій.
— А Аркадзь Добкін застаўся ў 50‑й школе?
— Так. Мы вучыліся ў адным класе з трэцяга па сёмы. Аркадзь ужо займаўся барацьбой, рабіў поспехі. І калі прыйшоў я, такі пухнаценькі хлапчук, які і падцягвацца як след не ўмеў, Аркадзь узяў нада мной шэфства. У выніку нормы ГТА я здаў — падцягнуўся восем або дзесяць разоў. Калі я перайшоў у іншую школу, наша сяброўства захавалася.
Акрамя іншага, нас аб’ядноўвала любоў да аматарскага футбола. Мы працягвалі гуляць і ў студэнцкія гады, і пазней, аж да ягонага ад’езду, і потым падчас яго наездаў у межах EPAM’аўскіх турніраў.
Пра сяброўства з Добкіным: «Нешта ў вельмі глыбокіх каранях»
— Як удалося захаваць сяброўства з Аркадзем Добкіным, нягледзячы на вялікі бізнэс?
— Сумеснае вядзенне бізнэсу, вядома, вялікае выпрабаванне для сяброўства, і цяжка прайсці яго без стратаў. І ў нас таксама былі рознагалоссі. Але па-ранейшаму называць адно аднаго сябрам, пакінуўшы за сабой рознагалоссі і прэтэнзіі — кажу за сябе — нам дазваляе вялікая агульная справа, адзіны культурны код, і, магчыма, нешта ў вельмі глыбокіх каранях. А галоўнае — мы з Аркадзем гулялі ў адной «дваровай» футбольнай камандзе гадоў 30, у той час як у бізнэсе былі разам усяго каля 20-ці.
— Аркадзь Добкін ухіліста распавядаў пра дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце ў маладосці: не размеркавалі туды, куды хацеў. А вас яна неяк закранула?
— Я не люблю скардзіцца на дыскрымінацыю, але не прызнаць яе існавання было б смешна. Пасля школы я паступаў у Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. Не паступіў. Думаю, што сярод тых, хто паступіў, не ўсе былі лепшыя за мяне.
Тым не менш я добра разумею і свае памылкі, якія дапусціў на экзаменах. Не паступіў, бо быў недастаткова добры.
Напэўна, і размеркаванне ў мяне было не зусім такое, на якое мог бы разлічваць выпускнік з маімі адзнакамі. Але ў далейшым дзякуючы некалькім цудоўным людзям я трапіў у вельмі годныя калектывы і займаўся фізікай калі не на сусветным узроўні, то блізкім да яго. Наколькі гэта было магчыма ў марнеючай савецкай краіне.
Пра не-эміграцыю: «Проста жыццё складвалася камфортна і так»
— Чаму вы не з’ехалі ў ЗША, як Добкін?
— Даўным-даўно я прыдумаў выхвальны адказ пра акно эміграцыі: маўляў, хтосьці да яго дарастае, хтосьці не, а хтось перарастае. Вось і я, маўляў, вышэй за акно эміграцыі: я даволі круты, каб зрабіць сваё жыццё шчаслівым і без гэтага мерапрыемства.
А калі без хвальбы, то проста маё жыццё складвалася досыць камфортна і без пераезду. Да таго ж я лічу, што імкненне чалавека кудысьці рухацца — гэта рыса характару, у значнай меры вызначаная генетычна. Мне такая не дасталася. Я вельмі люблю падарожнічаць, але кожны раз хачу вяртацца дадому.
Што да пераезду ў Латвію, гэта не эміграцыя. Я лічу сябе перамешчанай асобай, luxury-refugee — жыву не там, дзе хацелася б, але з маім узроўнем жыцця грэх на гэта скардзіцца.
Чаму вучыць дзяцей: «Выжываць у лесе + сучасным навыкам»
— Чаму вучыцца ў другой чвэрці XXI стагоддзя? І чаму вучыць дзяцей?
— Я прыхільнік пункту гледжання, што для паспяховага руху па жыцці важныя сталыя якасці і ўменні, якія цаніліся заўсёды, у спалучэнні з перадавымі ведамі, якія адкрываюць шлях да паспяховай кар’еры. Сярод бясцэнных базавых уменняў — уменне перажыць ноч у марозным лесе. Зрабіць з галінак шалаш, распаліць вогнішча.
— На выпадак ядравай зімы?
— Не. Толькі для таго, каб даць працу той важнай частцы мозгу, якая адказвае за навыкі выжывання, каб наш мозг не зморшчыўся як сухая садавіна. Важна ведаць, што, апынуўшыся ў зімовым лесе, ты не ўпадзеш у паніку, таму што зможаш выжыць.
Гэта ў тым ліку фармуе нашы сацыяльныя паводзіны. Я думаю, што сацыяльная годнасць у значнай меры звязаная з фізіялагічнай самадастатковасцю.
Здольнасць чалавека не панікаваць ва ўмовах прыроднай небяспекі, назавём яе фізіялагічнай, становіцца фундаментам устойлівасці і ва ўмовах сацыяльнага выкліку, прычым не абавязкова ў негатыўным сэнсе. Ты зможаш выжыць — і ўсё астатняе ў цябе таксама атрымаецца.
Таму важна, каб бацькі прыцягвалі дзяцей да атрымання традыцыйных навыкаў. Я займаўся спартыўным турызмам, таму мае прыклады з гэтай галіны. Але гэта можа быць добры спорт, верхавая язда — што заўгодна.
І да гэтага, вядома, трэба дадаць сучасныя навыкі. У нейкі момант дзіця павінна і атрымаць у рукі iPad, і пачаць карыстацца ChatGPT (я ўжываю гэтыя назвы ў агульным сэнсе). Але далей пачынаюцца значна больш складаныя пытанні: у які менавіта момант, пад якім бацькоўскім кантролем, як зрабіць так, каб гэтыя памочнікі не нашкодзілі? Бо і планшэт, і штучны інтэлект вельмі хутка могуць прывесці да таго, што чалавек проста страціць здольнасць мыслення. Я б заклікаў прытрымлівацца здаровага балансу, але як яго знайсці?
Але калі дзіцяці тэлефон упхнуць толькі для таго, каб бацькі атрымалі вольны час, вынікам будзе бяда. Намагайцеся так не рабіць.
— Ці трэба вучыць замежныя мовы, калі хутка, верагодна, усім будзе даступны танны пераклад у рэальным часе?
— Думаю, у вывучэнні моў як інструментаў зносін патрэба адпадзе. Але ў вывучэнні мовы ёсць іншая велізарная каштоўнасць — атрыманне новага погляду на свет. Напрыклад, калі па-англійску кажуць I don’t think so, гэта азначае ветлівае «не». Пачынаеш углыбляцца, і становіцца вельмі цікава.
Пра джунаў: «Галоўным выклікам для моладзі будзе «кіл-зона» паміж заканчэннем вуза і пачаткам працы»
— А якой прафесіі вучыць?
— Любой, якая спадабаецца. Відаць, у бліжэйшы час галоўным выклікам для моладзі будзе «кіл-зона» — мёртвая зона паміж заканчэннем вуза і пачаткам самастойнай працы. Бакалаўры і магістры будуць знаходзіцца ў прамой канкурэнцыі са штучным інтэлектам. У тых месцах, дзе б іх узялі на недарагую джуніёрскую працу і дзе б яны мелі шанс прафесійнага фармавання побач з дасведчанымі калегамі, будзе танней у якасці падмайстра ўзяць штучны інтэлект.
Хоць цэны на токены яшчэ не ўстаяліся, і мы не ведаем гэтага напэўна.
Для мяне пакуль не адназначна, што штучны інтэлект будзе таннейшым. Але тое, што вопытным спецыялістам будзе прасцей скарыстацца дапамогай ШІ, чым вазіцца з джунамі, — гэта факт.
Як кажа мой прыяцель, які калісьці працаваў у EPAM, а цяпер буйны кіраўнік у Google: калі ты любіш сваю справу і аддаешся ёй да канца, то праз 4‑5 гадоў навучання выйдзеш ужо не джуніёрам.
Але гэта значыць, што мы звужаем прафесійную сферу да таленавітых людзей, якія сапраўды любяць сваю справу і здольныя араць.
Як чалавек, які наняў у EPAM першыя некалькі сотняў людзей, я дакладна ведаю, што працавітасць — гэта рэдкая якасць, талент сустракаецца часцей. А вялікі талент плюс вялікая працавітасць — унікальнае спалучэнне, якое, уласна, і нараджае чэмпіёнаў.
Як выбраць прафесію: пачакаць, калі OpenAI і Anthropic выйдуць на IPO
— Ваш малодшы сын, здаецца, узяў паўзу перад паступленнем у ВНУ?
— Можна сказаць больш жорстка: нікуды не паступае. У нас ёсць разуменне, што ён усё ж хацеў бы атрымаць вышэйшую адукацыю, але ў сілу сукупнасці фактараў — перагрузкі ад вучобы, неразумення таго, што ён у жыцці любіць і хоча, а таксама таго, у якой з краін ён жыве — гэта аказалася няпростым.
Мы з жонкай падтрымалі ягонае рашэнне. Можна было б сказаць сыну: «Ты нешта казаў пра хімію? Наперад». Але я разумею, што ісці на прафесію, якую не факт, што любіш, і потым апынуцца бескарысным выпускніком, будзе дарэмнай стратай часу.
Калі ў аргументах сына пераважала агульная разгубленасць, то ў маіх аргументах была таксама нявызначанасць, звязаная з ШІ. Я спадзяюся, што за гэты год эканоміка штучнага інтэлекту стане больш зразумелай, і гэта дапаможа мне сфармуляваць бацькоўскую параду.
Калі кампаніі накшталт OpenAI і Anthropic выйдуць на IPO, у іх сфармуецца нейкая публічна дэманстраваная бізнэс-мадэль і кошт замены праграміста штучным інтэлектам стане больш-менш зразумелым. Разуменне, колькі каштуе штучны інтэлект малодшага навуковага супрацоўніка, паўплывае на маю параду сыну.
Калі аказваецца, што ШІ-малодшы навуковы супрацоўнік усё ж у тры разы даражэйшы, чым жывы малодшы навуковы супрацоўнік, значыць, у выпускнікоў прыстойных універсітэтаў застаецца нармальны шанс на працаўладкаванне.
І тады я рэкамендую яму прыродазнаўчую спецыяльнасць — тую ж хімію.
— А калі наадварот? Калі штучны інтэлект аказваецца значна таннейшым за джуна, што тады?
— Тады я скажу свайму сыну на поўным сур’ёзе: «Табе ж падабаецца гатаваць. Чаму б не падумаць пра гэтую кар’еру?» Калі ты можаш дасягнуць нейкага прафесійнага ўзроўню ў кулінарыі і людзі скажуць «я ледзь фалангі не адкусіў — так было смачна», то гэта не менш крута, чым здабываць крупінкі новай веды для чалавецтва.
Пра сцэнар апакаліпсісу: «Не думаю, што будзе падобна на «Тэрмінатар»
— Вас непакояць сацыяльныя ўзрушэнні, да якіх можа прывесці ШІ, і магчымая ядравая катастрофа. А рызыкі чаго вышэйшыя?
— Думаю, рэальныя наступствы, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту, цяпер нясуць больш невызначанасці, а значыць, небяспекі.
Пра ядравую пагрозу сёння ўсё ж не трэба залішне перажываць. Гэта зразумелая старая пагроза, з якой чалавецтва раней неяк спраўлялася. Штучны інтэлект — новая пагроза, невядомая і незвычайная.
Я ніводнай секунды не думаю, што гэта будзе падобна на «Тэрмінатар». Але ўспамінаю, як спачатку быў антычны свет, у якім квітнелі культура і інжынерыя, а потым наступілі цёмныя стагоддзі.
А тое, што многія-многія людзі акажуцца непатрэбнымі, відавочна ўжо сёння.
Пра рэсурсы ў будучыні: «Не факт, што грошай хопіць»
— Ці будзе гэта матэрыяльнай праблемай для іх, ці рэсурсаў/грошай хопіць на ўсё? І тады «ўкалваюць робаты — шчаслівы чалавек»?
— Не ведаю, не факт, што грошай хопіць. Каб хапіла, то чалавецтва выкупіла б праблему. І тады дэградацыя мільярдаў людзей адбывалася б ва ўмовах дастатку і мяккай бессэнсоўнасці. Маючы прыстойны дастатак, людзі маглі б гуляць у камп’ютарныя гульні, ужываць алкаголь і займацца іншай дуратой, усё менш і менш народжваючы новых людзей. Вы ж памятаеце «Сусвет-25» Джона Кэлхуна — эксперыменты, якія паказвалі выраджэнне мышыных сем’яў, змешчаных у ідэальных умовах.
Калі ж рэсурсаў не хопіць, то галодныя будуць ладзіць бунты, а як яны будуць падаўляцца — штучным інтэлектам або тымі людзьмі, якія даюць ежу, я нават фантазіраваць не хачу. Гэта чысты кашмар.
— Да слова пра рэсурсы: як думаеце, пенсія праз 15‑20 гадоў яшчэ будзе?
— Ва ўмовах насельніцтва, якое старэе і скарачаецца, а таксама працягласці жыцця, якое павялічваецца, салідарнай сістэмы дакладна не будзе. Трэба будзе прыдумляць нешта іншае. І калі штучны інтэлект апраўдае свае абяцанні і дасць фантастычнае павышэнне прадукцыйнасці працы, то з’явяцца ўмоўна бясплатныя тавары народнага спажывання і нешта накшталт безумоўнага базавага даходу.
Пра даўгалецце: «Да 120 яшчэ нічога, а бессмяротнасць — глупства»
— Вы інвеставалі ў Gero. Як вы ставіцеся да гонкі за даўгалеццем? Наколькі гэта этычна — імкнуцца жыць да 120 гадоў, асабліва калі насельніцтва і так старэе?
— Да 120, можа, яшчэ і нічога, улічваючы, што я пераваліў за палову гэтага. Але ідэі бессмяротнасці папросту смешныя. І Gero ў гэтым сэнсе кансерватыўны, каб не сказаць песімістычны, гулец на рынку. Пётр Федзічаў як фізік (і я цалкам да яго далучаюся) лічыць, што 120 гадоў — гэта прыродна-навуковая мяжа. А бессмяротнасць — поўнае глупства.
Наколькі этычна жыць доўга? Ну, я займаюся ёгай, гэта мой спосаб гонкі за даўгалеццем, шчыры і натуральны. Мая першасная матывацыя — жаданне быць здаровым і дзеяздольным.
Але, вядома, калі ў багатых людзей, асабліва звышбагатых, будуць сродкі для расцягвання жыцця, якіх няма ў людзей сярэдняга дастатку, не кажучы ўжо пра бедных, мне гэта не спадабаецца.
Аднак у бедных шмат іншых праблем. Яны папросту праз якасць ежы не будуць жыць гэтак жа доўга, як людзі сярэдняга дастатку. Так што, можа, гэтая этычная праблема ўжо з намі? Бо так было заўсёды: людзі высокага дастатку жылі даўжэй.
У апраўданне заўважу, што даўжэй за ўсіх традыцыйна жылі людзі творчай працы: вучоныя, музыканты, філосафы. Таму не так важна быць багатым, як (па многіх прычынах, у тым ліку праз даўгалецце) мець творчую прафесію. Чаго я жадаю сваім сынам і ўсім добрым людзям.
Пра звышбагатых: «А якую з іх адказнасць узяць, акрамя падаткаў?»
— Як вы ставіцеся да звышбагацця? Наколькі нармальная сітуацыя, калі ў руках асобных людзей мільярды або нават трыльён, як у Маска? Дарэчы, як вы да яго ставіцеся?
— Я вельмі паважаю Маска як візянера і прадпрымальніка — гэта ўсё ж не з неба на яго ўпала. Як чалавека залішняга эгаізму і пыхі, я яго не люблю, таму што гэта не мой тып.
Да пытання матэрыяльнага расслаення ў свеце. З майго пункту гледжання, гэта няправільна. Але гэта натуральны вынік той эканамічна матываванай схемы цывілізацыі, якую мы пабудавалі. І ў гэтым сэнсе я дапускаю, што гэта непазбежнае следства.
Што калі мы пачнём будаваць сістэмы, з якіх па дызайне выключаны звышбагатыя людзі? Я заспеў такую сістэму, я палову жыцця ў ёй пражыў. І сказаў бы, што яна эксперыментальна пацвердзіла сваю неадпаведнасць.
Ці ёсць нейкі кампраміс паміж той сістэмай, якая ўжо лажанулася, і той, што, магчыма, лажанецца ў бліжэйшай будучыні? У мяне няма адказу.