Беларускі мужчынскі хор «Касары» зняўся ў трэцім сезоне папулярнага польскага серыяла «1670»
Удзельнікі беларускага мужчынскага хору «Касары» прынялі ўдзел у здымках трэцяга сезона паспяховага польскага серыяла «1670». Яны гралі ўкраінцаў. Дзеля роляў некаторым музыкам нават давялося пайсці на сур'ёзныя ахвяры.
Усе фота: sasha.drahavoz / Instagram
Як паведаміў у інстаграме ўдзельнік хору Саша Драгавоз, ён зняўся ў праекце разам з калектывам «Касары».
«Мы гралі ўкраінскіх казакаў, якія спяваюць і лупяць у велічэзны бубен. Гэта была адна з самых вясёлых прыгод мінулага лета», — напісаў ён.
Дзеля ўдзелу ў здымках яму давялося пайсці на ахвяры і згаліць вусы з барадой, якія ён «насіў літаральна палову жыцця».
«Касары» — гэта мужчынскі вакальны ансамбль з шасці беларусаў, створаны ў 2023 годзе ў Варшаве. Гурт рэканструюе старажытныя формы шматгалоснага мужчынскага спеву Усходняй Еўропы на аснове архіўных запісаў.
«1670» — папулярны польскі сатырычны камедыйны серыял ад Netflix, які распавядае пра жыццё і прыгоды дробнага шляхціца. Гэта парадыйнае асвятленне шляхетнага побыту, сацыяльных праблем і гістарычных рэалій праз прызму сучаснага, часта непаліткарэктнага, гумару.