Нямецкая дыпламатка ў Мінску ў парку Янкі Купалы прачытала верш беларускага класіка
А яе муж адказаў вершам Гейнэ.
Павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аус дэм Зіпэн разам з мужам запісалі кранальны відэазварот да беларусаў з нагоды апошняга месяца лета.
Падчас прагулкі па мінскім парку імя Янкі Купалы каля помніка беларускаму песняру яны прадэкламавалі вершы на дзвюх мовах.
Катрын аус дэм Зіпэн зачытала на беларускай мове радкі з верша Янкі Купалы «Лета ты, лета прыгожа-квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой!». У сваю чаргу, яе муж прадэкламаваў на нямецкай мове лірычны твор Генрыха Гейнэ пра прыгажосць свету.
Як адзначаецца ў публікацыі амбасады Германіі, гэта стала паэтычным мостам паміж народамі і нагадала пра агульна чалавечыя каштоўнасці і натхненне, якое творцы розных краін знаходзілі ў роднай прыродзе.