БЕЛ Ł РУС

«Пры +30 немагчыма адкрыць вокны». Жодзінцы скардзяцца: у горадзе смярдзіць гаўном

7.08.2026 / 11:24

Амалія Вітажэнец

Жыхары Жодзіна ўжо некалькі месяцаў скардзяцца на моцны пах каналізацыі і гною, які, паводле іх, накрывае цэлы горад. Людзі збіраюць подпісы і патрабуюць новых праверак, але афіцыйныя службы адказваюць: усё працуе ў штатным рэжыме.

Копанка-назапашвальнік у вёсцы Востраў. Скрыншот відэа з сацсетак

Абяцалі, што паху не будзе

Пра будаўніцтва копанкі-назапашвальніка каля вёскі Востраў жодзінцы даведаліся яшчэ каля двух гадоў таму. Тады прадстаўнікі водаканала запэўнівалі мясцовых, што сучасныя ачышчальныя тэхналогіі не дапусцяць распаўсюджвання непрыемных пахаў.

Спачатку так і было. Узімку праблема амаль не адчувалася, а вясной пах з'яўляўся толькі час ад часу, калі вецер дзьмуў у бок горада. Многія думалі, што гэта вынік сельскагаспадарчых прац на палях.

Копанка-назапашвальнік у вёсцы Востраў. Скрыншот відэа з сацсетак

Але з пачаткам спёкі сітуацыя змянілася.

«Самы апагей — калі горача і дзьме вецер. Па ўсім горадзе стаіць пах, быццам толькі што праехала машына з каналізацыяй. Ён можа трымацца дзень-два. Цяпер, калі спёка больш за +30, немагчыма ні знаходзіцца на вуліцы, ні адкрыць вокны дома. Проста смярдзіць каналізацыяй і гноем», — дзеляцца жыхары ў сацсетках.

«Прэтэнзій не выяўлена»

Тым часам афіцыйныя праверкі праблемы не пацвярджаюць.

Жодзінскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і Мінская абласная інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя паведамілі, што спецыялісты выязджалі на месца, адбіралі пробы вады і паветра, але перавышэнняў забруджвальных рэчываў не выявілі.

У адказах гаворыцца, што эксплуатацыя копанкі-назапашвальніка вядзецца без парушэнняў, а ўзровень выкідаў адпавядае нарматывам.

Афіцыйны адказ Мінскводаканала. Дакументы з сацсетак

Афіцыйны адказ Смалявіцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Дакументы з сацсетак

«Мінчукі, хопіць хадзіць у туалет!»

Адсутнасць вынікаў пасля шматлікіх зваротаў ператварыла тэму ў галоўны прадмет жартаў у мясцовых чатах.

«Мінчукі, хопіць хадзіць у туалет!» — іранізуюць жодзінцы, намякаючы на тое, што ў назапашвальнік трапляюць сцёкі не толькі з іх горада.

Допіс у Threads

Цяпер збіраюць подпісы

Жыхары пачалі рыхтаваць калектыўны зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства прыродных рэсурсаў.

Аўтары звароту просяць правесці паўторную праверку копанкі-назапашвальніка з удзелам незалежных спецыялістаў і грамадскіх прадстаўнікоў, а таксама ўвесці пастаянны кантроль за яе працай.

Яшчэ адна прапанова — рэгулярна выкарыстоўваць сродкі для нейтралізацыі паху, каб у летні перыяд смурод не распаўсюджваўся па ўсім горадзе.

Цяпер мясцовыя актывісты заклікаюць суседзяў далучацца да збору подпісаў і спадзяюцца, што масавы зварот прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблему.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула