БЕЛ Ł РУС

Крэдыт на жыллё пад 1% — колькі насамрэч давядзецца пераплачваць за ўвесь час?

8.08.2026 / 13:13

Nashaniva.com

Анонс іпатэкі пад 1% нарабіў ажыятажу. Наколькі гэта выгадная прапанова і як яна можа паўплываць на рынак нерухомасці ў Беларусі?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Цікавасць перавышае чаканні

Шэраг забудоўшчыкаў анансаваў крэдытныя праграмы пад 1% на 24 месяцы. Пасля гэтага перыяду стаўка вырастае да 15,4%. Максімальны тэрмін выдачы крэдыту — 20 гадоў, а сума крэдытавання можа дасягаць 90% ад кошту жытла.

Натуральна, што з'яўленне падобнай праграмы выклікала вялікую цікавасць.

Забудоўшчыкі, якія ўдзельнічаюць у праграме, расказваюць пра небывалы рост попыту. Праўда, некаторыя патэнцыйныя пакупнікі, як адзначылі ў «Гранд Крыстал», пабачыўшы прыгожую лічбу ў 1%, нават да канца не разумеюць, што па завяршэнні грэйс-перыяду трэба будзе плаціць 15,4%.

Наколькі гэта выгадна?

Безумоўна, любое змяншэнне працэнтных ставак — гэта добра. Але ў выпадку, калі яна меншае толькі на два гады, трэба ўважліва падлічваць выніковы працэнт і выніковую пераплату.

Двухгадовы 1%-ны перыяд у першую чаргу выгадны тым, што цягам 24 месяцаў будзе магчымасць рабіць невялікія ўнёскі, паколькі плацёж па працэнтах меншы, чым сума пагашэння доўгу. Гэта, напрыклад, можа дазволіць адкладваць грошы на будучы рамонт і куплю мэблі.

Калі пералічыць увесь фінансавы паток на 20 гадоў, то акцыйны перыяд зніжае рэальную працэнтную нагрузку з 15,4% да 12,6% гадавых.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «lookby.mediа»

Іншымі словамі — пераплаты за ўвесь час будуць роўна такія самыя, як калі б вам адразу выдалі крэдыт пад 12,6%. 

Пры гэтым скарыстацца грэйс-перыядам можна і куды больш выгадна, чым проста мець маленькі плацёж. Калі фінансы дазваляюць плаціць з самага пачатку 1470 рублёў, якія трэба плаціць з 25‑га месяца (на прыкладзе крэдыту ў 100 000 беларускіх рублёў), то практычна ўсе грошы пойдуць на змяншэнне цела крэдыту.

У выніку рэальная працэнтная нагрузка падае з 12,6% да каля 9% гадавых, што ўжо больш адчувальна.

Аднак калі ёсць магчымасць закрыць крэдыт максімальна хутка, то ў такім выпадку фактычна атрымаецца, што банк даў вам грошы на два гады ўсяго пад 1%.

Праўда, калі параўноўваць з працэнтамі па іпатэчных крэдытах у той жа Польшчы ці Літве, дзе можна будавацца пад 6%, то 9% і тым больш 12,6% — гэта ўсё адно вялікія стаўкі.

Попыт на новабудоўлі пойдзе ўгору? 

Што да ўплыву на рынак, то падобная праграма можа даволі адчувальна змяніць баланс сіл — зменшыцца попыт на другаснае жытло.

Нават калі праз узрослы попыт забудоўшчыкі падымуць цэны, а жытло на другасным рынку застанецца на ранейшым узроўні ці нават стане крыху таннейшым, фактар «халяўнага» крэдыту пад 1% будзе схіляць частку да куплі новабуду.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Штуршок для эканомікі

У дзяржаўных маштабах гэта можа даць дадатковы штуршок для будаўнічага сектара, што будзе пазітыўна адбівацца на тым жа ВУП.

Праўда, будаўніцтва жытла — гэта не той сектар, які можа доўга прыносіць стабільны рост эканоміцы. Урэшце рэшт ва ўмовах скарачэння насельніцтва вялікія аб'ёмы будаўніцтва могуць прывесці да таго, што яго будзе зашмат. Тым больш, што і цяпер хапае кватэр, якія проста стаяць з голымі сценамі гадамі і нават дзесяцігоддзямі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула