Лукашэнка раіць беларусам прыгледзецца да хацінгу
Што гэта?
Аляксандр Лукашэнка параіў беларусам звярнуць увагу на хацінг і больш актыўна набываць пустыя дамы і ўчасткі ў невялікіх населеных пунктах, далей ад гарадской мітусні. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў, піша БелТА.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі развіваюць апорныя сельскія населеныя пункты — аграгарадкі і буйныя вёскі. Там рамантуюць і будуюць новыя дарогі, а таксама пастаянна павышаюць патрабаванні да гандлёвага абслугоўвання на вёсцы.
Ён упэўнены, што ў будучыні менавіта аграгарадкі і буйныя вёскі (былыя цэнтры калгасаў і саўгасаў) застануцца і будуць развівацца. Для гандлю гэта зручна, бо яны ў асноўным размешчаны паблізу буйных дарог. А вось невялікія вёсачкі, магчыма, часткова знікнуць або пераўтворацца ў іншыя фарматы.
Адзін з іх — такі сучасны модны кірунак, як хацінг. Маўляў, ён ужо атрымаў распаўсюджанне ў Беларусі, але пакуль галоўным чынам дзякуючы расіянам (па-руску «ізбінг»).
«Вольных месцаў хапае», — адзначыў Лукашэнка.
«Аказваецца, расіяне — яны бацьку пачулі — скупляюць гэтыя ўчасткі. Тым больш што ў Беларусі развітая сістэма дарог — чыгуначных і аўтамабільных, усё ёсць. І яны скупляюць пустыя хаты, рамантуюць іх, прыводзяць у парадак, недзе зносяць, — сказаў ён. — А беларусы мяне не чуюць».