БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка заявіў, што Беларусі не хапае сістэмы кіравання савецкіх часоў

7.08.2026 / 14:28

Nashaniva.com

У якасці станоўчага прыкладу краіны, якая жыве з апорай на досвед кампартыі, ён назваў Кітай.

Фота: kremlin.ru

У Беларусі не хапае той сістэмы кіравання, якая была ў савецкія часы. Такую думку выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Вілейскі раён, піша БелТА.

«Не магу пахваліцца, што партыя (Камуністычная партыя) адыграла вырашальную ролю ў маім жыцці. Усяго хапала.

Але мушу сказаць — магчыма, для кагосьці з вас, асабліва для моладзі, гэта прагучыць непапулярна, — сёння краіне якраз не хапае той сістэмы кіравання, якая калісьці існавала ў Савецкім Саюзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму гэта і задача, і настальгія. Маё цвёрдае перакананне, што нам не хапае той сістэмы кіравання», — дадаў ён.

«Я адчуваю гэта найбольш. І кожны, хто перажывае за дзяржаву, таксама гэта адчувае. Гэта не сённяшнія і не ўчарашнія мае адчуванні, — сказаў Лукашэнка. — Прапрацаваўшы ўжо вельмі доўга прэзідэнтам, я як ніхто іншы адчуваю, што не хапае гэтай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Не хапае сур’ёзнай кадравай работы. Як бы я ні спрабаваў выбудаваць вертыкаль улады і іншае (гэта было і застаецца выратаваннем для краіны), усё ж такі не хапае структуры».

У якасці станоўчага прыкладу краіны, якая, абапіраючыся на вопыт Камуністычнай партыі і захоўваючы яе спадчыну і дзяржаўную сістэму кіравання, паспяхова развіваецца, Аляксандр Лукашэнка назваў Кітай.

«Мяне часта крытыкавалі за тое, што мы вывучаем вопыт і сістэму кіравання КНР. Дык вось, яны здуру нічога не ламалі. Яны вучыліся ў нас, шмат у чым дзейнічалі падобным чынам. Не хачу сказаць, што капіравалі, але разумнае бралі для сябе.

Нічога не ламалі: ні ідэалогію, ні палітыку Маа Цзэдуна, Дэн Сяопіна і гэтак далей. Ніхто нічога не разбураў. Магчыма, у гэтым і крыецца адна з прычын поспеху КНР», — сказаў ён.

«Прапаную вам над гэтым падумаць, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады. — Ведаю, што вам гэтага не хочацца. Навошта вам гэтыя партыйныя органы, якія будуць займацца кадрамі, і партбюро, куды трэба хадзіць?.. Вы ж ужо аднаасобна кіруеце (на месцах). Але калі глядзець з дзяржаўнага пункту гледжання, сістэму давядзецца выбудоўваць і наладжваць».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула