БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка папракнуў Тапузідзіса за хамон у крамах і загадаў праверыць усе гандлёвыя сеткі

7.08.2026 / 18:02

Nashaniva.com

«Яны ж у нас рыначнікамі сталі ў момант, самымі багатымі людзьмі. І забываюць, што ў саракаградусную спёку ў камбайне сядзіць звычайны чалавек, селянін».

Павел Тапузідзіс. Фота тут і далей: БелТА

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Вілейскім раёне прайшоўся па асартыменце ў гандлёвых сетках. На нарадзе быў і ўладальнік гандлёвай сеткі «Карона» Павел Тапузідзіс.

«Я разумею, што непапулярны цяпер у Тапузідзіса і яго калег з сетак. Яны ж у нас рыначнікамі сталі ў момант, самымі багатымі людзьмі. І забываюць, што ў саракаградусную спёку ў камбайне сядзіць звычайны чалавек, селянін.

Людзі, пра якіх мы кажам, не патрабуюць ад нас імпартнага. Яны не патрабуюць іспанскі хамон. Патрабуюць звычайнае мяса завезці [у крамы на вёсцы], малочныя прадукты. Але каб свежыя, нармальныя. Трэба нармальны хлеб завезці», — цытуе Лукашэнку БелТА.

«Беларускае — тое, што мы вырабляем, — павінна быць. І кропка!» — запатрабаваў ён. 

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч паведаміў, што за год з гандлёвымі сеткамі, вытворцамі заключана каля тысячы пагадненняў па прасоўванні айчынных тавараў.

Аднак у Камітэце дзяржкантролю лічаць, што да гэтых пагадненняў гандлёвыя сеткі падышлі фармальна і прадаюць шмат імпартных тавараў.

Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі і КДК правесці праверку.

«Гэта павінна быць апошняя размова. Папярэджваю вас усіх і кіраўнікоў сетак».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула