БЕЛ Ł РУС

На мінскім пляжы за крадзяжы затрымалі юных «фокуснікаў»

8.08.2026 / 10:17

Nashaniva.com

Схема была наступная.

Супрацоўнікі Савецкага РУУС раскрылі серыю крадзяжоў, учыненых на пляжы Цнянскага вадасховішча, паведамляе «Міліцыя Мінска».

20‑гадовы прадавец аднаго са сталічных гандлёвых аб’ектаў і 16‑гадовы школьнік абкрадалі адпачывальнікаў. Яны выглядалі рэчы, якія грамадзяне пакідалі без нагляду, — пакуль купаліся, загаралі або адыходзілі да пляжных кіёскаў па пакупкі.

Затым фігуранты падыходзілі, накрывалі чужыя сумкі і заплечнікі сваёй посцілкай, рабілі выгляд, быццам вытрасаюць яе, і ў гэты момант забіралі чужую маёмасць.

Вядома тры эпізоды. Агульная шкода склала больш за 1300 рублёў.

Паводле слоў саміх фігурантаў, дакументы, смартфоны і кашалькі яны выкідвалі ў лесе, а дробную электроніку — парагенератары, зарадныя прылады, навушнікі — пакідалі сабе. Скрадзеныя грошы зламыснікі трацілі на асабістыя патрэбы.

Вядома, што раней маладыя людзі ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за аналагічныя злачынствы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула