КНДР зарабіла дзясяткі мільярдаў даляраў на вайне Расіі супраць Украіны
Хоць заходнія санкцыі павінны былі абяскровіць рэжым Кім Чэн Ына, цяпер у Пхеньян цякуць мільярды.
Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын. Фота: Contributor/Getty Images
З 2022 па 2025 год Паўночная Карэя атрымала валютную выручку ў памеры да $22 млрд — гэта прыкладна ў чатыры разы больш, чым за папярэднія чатыры гады.
Такія даныя прыводзяцца ў аналітычнай справаздачы Bloomberg Economics. За 15 гадоў знаходжання ва ўладзе Кім яшчэ ніколі не меў такіх значных сродкаў. Галоўная крыніца даходаў — продаж боепрыпасаў Расіі, якая мае патрэбу ў іх для працягу вайны супраць Украіны, піша Bild.
Адна толькі вайна Уладзіміра Пуціна прынесла ў казну Кіма больш за $14 млрд. Астатнія $8 млрд паступілі з іншых крыніц, уключаючы гандаль з Кітаем, працу паўночнакарэйскіх грамадзян за мяжой, ІТ-паслугі, кіберзлачыннасць, а таксама легальны і нелегальны экспарт.
Найбольшую долю выручкі забяспечылі боепрыпасы. Паводле наяўных даных, $9,12 млрд прынеслі артылерыйскія снарады, $2,38 млрд было атрымана за цяжкую артылерыю, $1,27 млрд — за балістычныя ракеты, а $849 млн — за адпраўку паўночнакарэйскіх салдат у Расію. Паводле ацэнак украінскіх спецслужбаў, да канца 2025 года Паўночная Карэя забяспечвала да 50% патрэбаў Расіі ў найбольш запатрабаваных артылерыйскіх боепрыпасах калібраў 122 мм і 152 мм.
Атрыманыя мільярды Кім выкарыстоўвае для развіцця сваіх ядзернай і ракетнай праграм. За апошнія два гады Паўночная Карэя прадставіла свае найбуйнейшыя ваенныя караблі і мадэрнізавала балістычныя ракеты.
Вядомы спецыяліст па КНДР Андрэй Ланькоў таксама ў сваіх інтэрв'ю і лекцыях адзначае, што за апошні час дзякуючы вайне значна падрос дабрабыт грамадзян КНДР. Напрыклад, на вуліцах паболела машын, хоць яны даступныя толькі вельмі багатым.