Ціханоўская ўсё ж змагла адкрыць банкаўскі рахунак у Польшчы
Яна адкрыла рахунак у польскім банку PKO — пасля таго, як паказала свае сувязі з Польшчай.
Пра гэта беларуская лідарка распавяла ў адказ на пытанне «Белсату» падчас канферэнцыі «Новая Беларусь».
«У мяне атрымалася адкрыць банкаўскі рахунак пасля некалькіх спробаў, якія праваліліся. Але толькі пасля таго, як я паказала сваю сувязь з Польшчай, калі мы адкрылі тут рахунак для працы Офіса. Толькі тады мне дазволілі зрабіць банкаўскі рахунак», — апавяла кіраўніца АПК.
Са словаў Ціханоўскай, у Польшчы яна жыве на падставе дазволу на жыхарства. Таксама яна мае польскі праязны дакумент, які выдаецца асобам, у якіх няма нацыянальнага пашпарту.
«Я вельмі ўдзячная Польшчы за тое, што яна прапаноўвае такія дакументы ўсім беларусам, якія апынуліся тут не па сваёй волі», — дадала Ціханоўская.
Беларуская лідарка сказала, што дэмсілы ведаюць пра праблемы беларусаў з адкрыццём рахункаў у польскіх банках, аднак зазначыла, што трэба памятаць, што польскія банкі — прыватныя, і дзяржава не можа загадваць ім, адкрываць ці не адкрываць рахункі.
Ціханоўская распавядае, што ў банку РКО, у якім ёй зрабілі рахунак, з разуменнем ставяцца да беларусаў:
«Я сама сутыкнулася з тым, што шмат залежыць ад супрацоўніка, які ў цябе прымае дакументы. У мяне быў супрацоўнік, які вельмі спачуваў, што бывае так, што беларусам не адкрываюць рахункі, і што вельмі хацелася б дапамагчы, але ёсць пэўныя абмежаванні».
Кіраўніца АПК падзялілася, што пасля таго, як яна апавяла, што не можа адкрыць рахунак, шмат людзей пісалі ёй свае гісторыі, прапановы і падказкі, як можна зрабіць картку, і выказала меркаванне, што варта зрабіць нейкую інструкцыю, апавёўшы ў ёй пра досвед іншых людзей і як усё ж такі можна знайсці выйсце з сітуацыі.