Латушка пра магчымасць вайны ў Беларусі: Гэта ж вар'яцтва, не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць гэта
«Калі б Лукашэнка сеў за круглы стол, ён мог бы сказаць Пуціну: глядзі, я дамовіўся нават з апазіцыяй. Мы не хочам вайны. І што на гэта скажа Пуцін?»
Павел Латушка. Фота: «Наша Ніва»
Падчас адной з дыскусій на канферэнцыі «Новая Беларусь 2026» Павел Латушка разважаў: акно магчымасцей для Беларусі адкрыецца, калі ў Расіі не будзе сродкаў утрымліваць сваё проксі. Гэта акно набліжаецца дзякуючы таму, што ў Расіі гараць НПЗ, Вайлдберыз, улады не могуць размесціць аблігацыі федэральнай пазыкі. Праз гэтыя і іншыя праблемы, на думку Латушкі, у Расіі можа не знайсціся грошай, каб заўсёды падтрымліваць рэжым Лукашэнкі.
Таму, лічыць палітык, транзіт улады і перамовы будуць запушчаны ў краіне.
Негатыўны сцэнар для Беларусі Латушка лічыць малаімаверным.
«Не, ён патэнцыйна, канешне, магчымы, але ўявіце сабе, што расійскія войскі ўваходзяць на тэрыторыю Беларусі, калі яны не здолелі перамагчы Украіну. Яны акрэслілі, што галоўным экзістэнцыйным ворагам для Расіі з'яўляецца Украіна, украінскі народ, абазвалі іх хлусліва нацыстамі, і заўтра яны кажуць расійскаму грамадству: ведаеце, а аказваецца, і беларускі народ — нацысты.
Гэта ж вар'яцтва, я не ўяўляю, як крамлёўская прапаганда будзе тлумачыць сваю агрэсію ў Беларусі. А калі мы ў гэты час дамовімся з наменклатурай, супраць каго будзе ваяваць расійскае грамадства?»
Таму Латушка лічыць, што ў Лукашэнкі ёсць адзін выхад, каб захаваць незалежнасць.
«Калі б ён сеў за круглы стол, ён мог бы сказаць Пуціну: глядзі, я дамовіўся нават з апазіцыяй. Мы не хочам вайны, мы разам не хочам вайны. І што на гэта скажа Пуцін?»