Бяляцкі: Далучэнне да Еўрасаюза — гэта не пытанне «хачу — не хачу», гэта пытанне выжывання беларусаў як народа
Нобелеўскі лаўрэат выступіў на канферэнцыі «Новая Беларусь» з вітальнай прамовай, якая прагучала як праграмная.
Алесь Бяляцкі на канферэнцыі «Новая Беларусь», 8 жніўня. Фота: Наша Ніва
Алесь Бяляцкі пачаў свой выступ з падзякі. «Найперш хачу выказаць сваё захапленне і падзяку ў адрас усіх, хто сёння ўвасабляе барацьбу за беларускія каштоўнасці, за незалежнасць і свабоду нашай Бацькаўшчыны — палітычным вязням і іх блізкім, праваабаронцам, грамадскім актывістам, валанцёрам, журналістам, беларускім ваярам за незалежную Украіну і Беларусь».
«Для мяне гонар выступіць разам са Святланай Ціханоўскай — якая сімвалізуе выбар новай свабоднай Беларусі, і Івонкай Сурвілай — якая ўвасабляе традыцыю пераемнасці беларускай незалежнай дэмакратычнай дзяржаўнасці», — дадаў ён.
Вось пра што яшчэ гаварыў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі на канферэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіць у Варшаве 8—9 жніўня.
Маштаб рэпрэсій не паменшаў
З дня пачатку мірнай беларускай рэвалюцыі 2020 года, якую рэжым Лукашэнкі задушыў пры спрыянні Масквы, прамінула шэсць гадоў. Але
рэпрэсіі не спыняюцца і не змяншаецца іх маштаб.
З турмы калі і выходзіць сотня палітвязняў (прычым многіх гвалтам вывозяць з Радзімы), то адразу ж з’яўляецца наступная сотня сядзельцаў. Улада апанаваная страхам, не мае бачання перспектывы і намагаецца захаваць сябе любым спосабам, здаючы дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, беручы ўдзел у ваенных злачынствах Крамля.
Адзіны сапраўдны гарант беларускага суверэнітэту — свабодны народ
Адзіны сапраўдны гарант беларускага суверэнітэту — свабодны беларускі народ. Ён ясна вызначыў свае каштоўнасці шэсць гадоў таму і за ім і павінна быць канчатковае слова ў вызначэнні ладу і лёсу Беларусі.
Суб’ектнасць у міжнароднай прасторы — Ціханоўская
Цяпер надзвычай важна, што ў міжнароднай палітычнай прасторы дэмакратычная Беларусь мае суб'ектнасць. Вольны свет успрымае Святлану Ціханоўскую як легітымную пасланку той свабоднай еўрапейскай Беларусі, якая паказала сваё годнае аблічча ў 2020-м. Нас чуюць, нягледзячы на цяжкія абставіны, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе. Гэта той здабытак, які мы мусім цаніць.
Нам ёсць з чым параўноўваць
Ёсць з чым параўноўваць. Напрыклад, сітуацыя ў Азербайджане з правамі чалавека, з палітычнымі вязнямі вельмі цяжкая. Апошнія навіны — бесчалавечныя прысуды дзевяці незалежным журналістам. Пракуратура запатрабавала 14 гадоў турмы для нашага сябра, лаўрэата прэміі Вацлава Гавэла Рады Еўропы, праваабаронцы Анара Мэмэдлі. Але свет пра гэта гучна не гаворыць — і з прагматычных прычынаў, і таму, што голас іншага, неаліеўскага Азербайджана, не чутны з высокіх трыбунаў.
«Без санкцый мы б дасюль сядзелі»
Хачу падзякаваць усім, хто ў Беларусі, і за межамі Беларусі дабіваўся ад Лукашэнкі вызвалення нас, палітычных закладнікаў. Вашая актыўнасць і цвёрдая пазіцыя стала для Злучаных Штатаў галоўнай умовай працягу кантактаў з Менскам. Спадзяюся, што так будзе і надалей і што гэтая ўмова будзе дапоўненая патрабаваннем спыніць наступныя рэпрэсіі.
Санкцыі за саўдзел у вайне
У нулявыя гады лукашэнкаўскі рэжым пад ціскам санкцыяў быў вымушаны адпускаць палітычных вязняў. Перадусім таму, што санкцыі працавалі. Без найперш еўрапейскіх санкцыяў мы і дасюль бы сядзелі ў турме. Нагадаю, што санкцыі былі ўведзены пераважна за саўдзел у вайне і падставы іх здымаць пакуль што няма.
Настроі ў Беларусі
Я нядаўна з-за кратаў, дзе хоць меў спецыфічнае кола кантактаў, але зрэз настрояў бачыў і адчуваў. Дух 2020 года не знік. Мільёны беларусаў чакаюць спрыяльных магчымасцяў для актыўнага ўдзелу ў пазітыўных зменах.
Дыялог і перамовы
У сваім апошнім слове на судзе я заклікаў да нацыянальнага дыялогу. Прайшло тры гады, і я па-ранейшаму трымаюся ідэі нацыянальнага дыялогу. У ім дзеля захавання незалежнасці і самой будучыні Беларусі маглі б удзельнічаць як шырокае грамадства, усе яго пласты, так і прадстаўнікі цяперашніх уладаў — тыя, хто ўсведамляе тупіковасць палітыкі рэжыму і падзяляюць каштоўнасць незалежнасці.
Перамовы з уладамі магчымыя толькі тады, калі рэжым адчуе сілу апанэнта. Таму нельга дазваляць нас расколваць.
Не дазваляйце нас расколваць
Вартыя глыбокай павагі беларусы, якія ўпершыню далучыліся да грамадска-палітычнай дзейнасці ў 2020 годзе, былі збітыя, катаваныя, рызыкавалі сабой і сваёй свабодай, многія мусілі пакінуць радзіму і цяпер сядзяць у турме. Мая пашана і моладзі і сталейшым людзям. Рэвалюцыйная хваля 2020‑га — не першая ў нашай гісторыі, а чарговая. Я перакананы, што будзе і наступная і мы мусім рыхтавацца да гэтага.
Складнік разбуральнай стратэгіі лукашэнкаўскіх і пуцінскіх уладаў — сеяць канфлікты, падазронасць, расколваць і сварыць нас па розных прыкметах, не дапускаючы ўмацавання беларускай еднасці. Не будзем паддавацца на гэтую старую і няхітрую тактыку спецслужбаў.
Што рабіць новай дыяспары
Што рабіць тым, хто мусіў пакінуць Бацькаўшчыну? Не чакаць, што нехта падорыць нам дабрабыт, бяспеку і свабоду для Беларусі. Гэта ўсё мусім зрабіць мы самі. Да хуткіх зменаў трэба быць гатовымі, але ж трэба і набліжаць іх.
Спадзяюся, што новаствораная Фундацыя Алеся Бяляцкага будзе спрыяць узняццю беларускага пытання на міжнародны ўзровень.
Сёння сто гадоў з дня нараджэння айца Аляксандра Надсана, заўтра сотыя ўгодкі Янкі Запрудніка. Нам, новай дыяспары, варта вучыцца ў іх няўтомнасці, трывушчасці, маральным і духоўным каштоўнасцям, якія грунтаваліся на беларускай ідэнтычнасці і беларускай мове.
Адказ «сведкам нармалізацыі», ферштэерам, антыеўрапейцам
Глабальны зрух да аўтарытарызму, да абмежавання дэмакратыі небяспечны для Беларусі, бо ён непазбежна цягне за сабой адраджэнне імперскіх атавізмаў у розных краінах. Таму нам трэба ўмацоўваць сувязі найперш з сваімі дэмакратычнымі суседзямі. Каб захаваць незалежнасць і свабоду, нам неабходна далучыцца да еўрапейскай палітычнай прасторы — Рады Еўропы, Еўразвязу, іншых агульнаеўрапейскіх інстытутаў. Гэта не пытанне «хачу — не хачу, падабаецца — не падабаецца», гэта пытанне нашага выжывання як народа.
Ні на хвіліну не будзем забываць, што над намі навісае змрочны цень імперыі. Беларуская нацыянальная свядомасць і еўрапейскія каштоўнасці дэмакратыі і свабоды непадзельныя.
Алесь Бяляцкі на канферэнцыі «Новая Беларусь», 8 жніўня. Фота: Наша Ніва
Шаноўныя сябры, давайце не губляць надзеі і не спыняць нашай працы. Сённяшнія нашыя супольныя намаганні — гэта трывалы падмурак будучай свабоднай Беларусі.
Зычу ўдзельнікам канферэнцыі «Новая Беларусь» плённых дыскусіяў, грунтоўных высноваў, а галоўнае — цвёрдай упэўненасці, што мы пераможам.
Жыве Беларусь!»