Пальчыс заклікаў не перапісваць гісторыю 2020 года: Не шукайце лжывых версій мінулага
Былы палітвязень, блогер Эдуард Пальчыс лічыць 2020 год легендарным, гістарычным і гераічным перыядам для беларускай нацыі.
Фота: lookby.media
Даўно хацеў напісаць гэты тэкст, але сёння якраз найбольш адпаведная дата.
Калі цябе затрымліваюць у 2020-м, а выкідваюць у 2026-м, адно з самых шакавальных адкрыццяў для ўсіх нармальных палітвязняў — гэта ментальныя змены людзей.
За гэтыя 5 месяцаў я начытаўся і наслухаўся часам мноства адкрытага трызнення: што ў 20‑м пратэсты арганізавала Расія, што кагосьці хтосьці ледзь не гвалтам выводзіў, што кагосьці спецыяльна выкарыстоўвалі і г. д.
Яшчэ ў турме я выразна бачыў, як людзі заднім чыслом перапісваюць мінулае, каб знайсці сваё зручнае апраўданне таго, што адбываецца.
Тыя, хто баяўся ў банальную счэпку стаць у жніўні, праз пару месяцаў у турэмнай камеры ўжо разважалі пра «трэба было з імі больш жорстка».
Калі пратэсты душылі звышжорсткасцю, а потым пачалася міграцыя, вайна і ўнутраныя ўмовы ў РБ пачалі месцамі нагадваць КНДР, натуральна, у многіх з'явілася глыбокае пачуццё расчаравання. І тут жа павылазілі разумнікі з трызненнем пра 2020-ы. А хтосьці пачаў шукаць вінаватага, ці ствараць складаныя схемы ўнутраных апраўданняў, ці пераконваць сябе ў тым, чаго і блізка не было.
Дык вось — да сярэдзіны ліпеня 2020‑га я быў за поўны ігнор выбараў, хоць 99% у гэты момант думалі абсалютна інакш. Але потым жыццё закруціла так, што самому прыйшлося прысесці як арганізатару. І я помню, як у пачатку лета 20‑га мне пісалі, што я дэбіл і нічога не разумею, а мы «зараз пойдзем на выбары (прагаласуем, паназіраем) і па законе пераможам».
Гэта была наіўнасць, але наіўнасць шчырая. Гэта наіўнасць была галоўным палівам для рухавіка тых падзей.
Таму як бы каго ні корчыла зараз — 2020‑ы год з'яўляецца легендарным, гістарычным і гераічным перыядам для беларускай нацыі. Па колькасці і ступені далучанасці насельніцтва з ім не параўняецца ні 1991-ы, ні 1918-ы. Гэта і самы чысты ў плане арганізацыі рух, дзе не было ні капейкі якога-небудзь заходняга фінансавання. І ўсё гэта праўда, таму што людзі самі шчыра рабілі тое, што лічылі правільным.
Калі многія з нас цяпер жывуць у свабодных краінах, давайце выдушваць з сябе савок і спыняць падсвядома шукаць ілжывыя версіі мінулага, якія па сутнасці проста з'яўляюцца спробай скінуць адказнасць за свае дзеянні і выбар. Так, усё цяпер няпроста, але ў гісторыі і ў Бога планы часта адрозніваюцца ад нашых. І хто ведае, што нас яшчэ чакае наперадзе.