БЕЛ Ł РУС

Выйшаў на свабоду гомельскі актывіст Юрый Уласаў, давераная асоба Ціханоўскай у 2020‑м

15.08.2026 / 11:56

Nashaniva.com

Ён быў асуджаны на шэсць з паловай гадоў і цалкам адбыў прызначаны тэрмін.

Стала вядома пра вызваленне 59‑гадовага Юрыя Уласава — давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах-2020.

Па рознай інфармацыі, ён выйшаў на свабоду ці 7 жніўня, ці 11 жніўня.

Уласаў далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага ў 2019 годзе.

Першы раз быў затрыманы 7 мая 2020 года, калі ў Гомелі прайшла акцыя ў падтрымку арыштаванага напярэдадні Сяргея Ціханоўскага. Уласаву далі 15 сутак, а потым яшчэ 30 сутак.

Па вызваленні далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай. Каманда праводзіла агітацыю амаль ва ўсіх райцэнтрах Гомельскай вобласці.

Юрыя Уласава арыштавалі ў Гомелі 6 жніўня 2020 года, напярэдадні выбараў. 

У дачыненні да яго, а таксама чальцоў каманды па Гомельшчыне Таццяны Канеўскай, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна былі заведзеныя крымінальныя справы па ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і па арт. 292 Крымінальнага кодэкса (захоп будынкаў), а Уласаў дадаткова абвінавачваўся ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (ч.1 арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

4 мая 2021 атрымаў шэсць з паловай гадоў калоніі, больш за астатніх фігурантаў справы. 

Уласаў адбываў пакаранне ў калоніі ў Наваполацку, аднак з 2023 да 2025 года яго пераводзілі на турэмныя ўмовы ў Жодзіна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула