У Балгарыі прасцей стане жыць беларусам без дзейнага пашпарта
У Балгарыі з'явілася магчымасць атрымаць часовы дакумент, які сведчыць асобу, для беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі, паведаміла Народная амбасада Беларусі ў Балгарыі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Гэта рашэнне тычыцца беларусаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або доўгатэрміновае пражыванне ў Балгарыі ў адпаведнасці з Дырэктывай Рады ЕС 2003/109/EC. Атрыманне дакумента будзе добраахвотным.
Паводле Народнай амбасады Беларусі ў Балгарыі, пра гэта паведаміла кіраўніцтва Дырэкцыі «Міграцыя» Міністэрства ўнутраных спраў краіны.
Пры гэтым новы дакумент мае істотныя абмежаванні. У Балгарыі пакуль няма паўнавартаснага аналага пашпарта іншаземца, таму часовае пасведчанне не зможа цалкам замяніць сапраўдны пашпарт і будзе мець абмежаваны функцыянал.
Нягледзячы на гэта, для беларусаў такая магчымасць можа стаць часовым вырашэннем часткі праблем, звязаных з адсутнасцю дзейнага пашпарта. Асабліва важным гэта можа быць для дзяцей.
Спецыяльная працоўная група пры МУС Балгарыі працягне шукаць больш зручны і паўнавартасны механізм вырашэння праблемы.
Акрамя таго, у перспектыве ў Народным сходзе Балгарыі плануецца разгледзець законапраект, які павінен палепшыць умовы легалізацыі беларусаў, што знаходзяцца ў краіне з часовым дазволам на пражыванне.
Чытайце таксама:
Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі
Швецыя: Беларусам-эмігрантам больш не трэба ехаць у Беларусь па новы пашпарт