БЕЛ Ł РУС

Беларуска расказала, як у 66 гадоў пераадолела «гару-забойцу» Нанга-Парбат

16.08.2026 / 10:12

Nashaniva.com

Беларуска Лілія Яноўская 1 ліпеня 2026 года паднялася на вяршыню Нанга-Парбат вышынёй 8126 метраў у Пакістане, у горным рэгіёне Гілгіт-Балтыстан. Гэта дзявятая паводле вышыні гара свету і ўжо адзінаццаты з чатырнаццаці васьмітысячнікаў, якія пакарыла альпіністка. У 66 гадоў Яноўская стала самай узроставай жанчынай у гісторыі, якая дасягнула гэтай вяршыні. Пра небяспечныя ўчасткі без страхоўкі, атручванне падчас акліматызацыі, узрост у вялікім альпінізме і тры вяршыні, якія засталіся да ўсіх 14 васьмітысячнікаў, Лілія расказала «Белсату».

Лілія Яноўская (злева) на вяршыні Нанга-Парбат вышынёй 8126 метраў у горным рэгіёне Гілгіт-Балтыстан, Пакістан. 1 ліпеня 2026 года. Фота: Liliya Ianovskaia / Facebook

«Гара-забойца» — не перабольшанне

Дасягненне вяршыні Нанга-Парбат для Яноўскай стала найперш пацверджаннем таго, што пасля дзесяці папярэдніх васьмітысячнікаў яна ўсё яшчэ здольная вытрымаць вельмі цяжкі выклік. Але на вяршыні, кажа альпіністка, яна адчула не эйфарыю.

«Я доўга не магла падабраць дакладнае слова для таго, што адчувала. У рэшце рэшт знайшла для сябе англійскае «humbled» — адчуванне пакорнасці перад веліччу гары. Умовы былі даволі цяжкія, і менавіта праз гэта пакорнасць адчувалася так моцна: гэта было ціхае, унутранае пачуццё, зусім не падобнае на эйфарыю ці трыумф», — расказвае яна.

Нанга-Парбат лічыцца адной з самых небяспечных гор свету, і, паводле Яноўскай, гэтая рэпутацыя цалкам адпавядае рэальнасці. На маршруце ёсць вузкія кулуары, па якіх пастаянна сыходзяць лавіны. Іх трэба праходзіць як мага хутчэй, бо спыняцца там небяспечна. Пасля 11—12 гадзін дня пачынаецца каменяпад: сонца награвае схіл, і зверху падаюць камяні і лёд.

«Людзі тут падалі і гінулі менавіта таму, што апыналіся ў гэтых кулуарах не ў той час», — кажа альпіністка.

З Нанга-Парбат звязаная і адна з самых трагічных старонак у гісторыі альпінізму. У ноч з 22 на 23 чэрвеня 2013 года ўзброеныя баявікі, пераапранутыя ў форму мясцовай варты Гілгіт-Балтыстана, атачылі базавы лагер на дыямірскім баку гары. Яны звязалі і расстралялі адзінаццаць чалавек — замежных альпіністаў розных нацыянальнасцяў і мясцовага гіда. Адказнасць за напад узяў на сябе пакістанскі Талібан, які назваў атаку помстай за амерыканскія ўдары беспілотнікамі.

Яноўская расказвае, што праз трынаццаць гадоў пасля трагедыі яе экспедыцыя размясцілася фактычна ў тым самым месцы.

«Праз трынаццаць гадоў, у першы дзень майго знаходжання на тым жа месцы, мы знайшлі стрэляную гільзу проста каля намёта — нагадванне пра трагедыю, якая менавіта там і адбылася», — расказвае Яноўская.

З гэтай жа гарой звязаная і гісторыя братоў Райнхольда і Гюнтэра Меснераў. У 1970 годзе яны першымі прайшлі траверс Нанга-Парбат, але падчас спуску Гюнтэр Меснер загінуў пад лавінай.

Лілія Яноўская (справа) на вяршыні Нанга-Парбат вышынёй 8126 метраў у горным рэгіёне Гілгіт-Балтыстан, Пакістан. 1 ліпеня 2026 года. Фота: Liliya Ianovskaia / Facebook

Атручванне магло спыніць экспедыцыю

Самым тэхнічна складаным этапам маршруту Яноўская называе сцяну Кінсхофера на падыходзе да другога лагера. Гэта вертыкальная скала, месцамі пакрытая лёдам, на якой засталіся дзясяткі старых вяровак ад розных экспедыцый.

Альпіністы без досведу скалалазання вымушаныя пераважна падымацца з дапамогай жумара — механічнага прыстасавання, якое фіксуецца на вяроўцы. Пры гэтым даводзіцца падцягваць рукамі вагу ўласнага цела, экіпіроўкі і заплечніка, што вельмі хутка вымотвае. Тыя, хто мае скалалазны досвед, выкарыстоўваюць вяроўку хутчэй як страхоўку і могуць рухацца значна лягчэй.

Фінальны штурм вяршыні ад трэцяга лагера заняў каля адзінаццаці гадзін. Яны выйшлі прыкладна а восьмай вечара і ішлі ўсю ноч без доўгіх перапынкаў.

У нейкі момант Яноўская сур'ёзна разглядала магчымасць спыніць узыходжанне.

Падчас акліматызацыйнай ратацыі, калі яна знаходзілася ў першым лагеры і рыхтавалася ісці ў другі, сярод ночы пачаўся моцны боль у страўніку і ваніты.

Найбольш верагоднай прычынай альпіністка лічыць забруджаную ваду. У высокіх лагерах снег для пітной вады бяруць непадалёк ад намётаў, дзе адначасова жыве шмат людзей. Пазней у адной з бутэлек яна заўважыла на дне нешта непразрыстае, што нагадвала рэшткі жывёлы ці птушкі.

«Той дзень я адчувала сябе настолькі хворай і знясіленай, што не была ўпэўненая, ці змагу працягваць. Нават сама думка пра тое, што давядзецца спускацца ў базавы лагер у такім стане, мяне вельмі палохала», — кажа яна. Яноўская прыняла лекі, якія былі з сабой, адпачывала і піла чыстую ваду. Ужо на наступны дзень стан палепшыўся настолькі, што яна змагла ісці далей.

У гарах, падкрэслівае яна, разлічваць на нармальную медыцынскую дапамогу амаль немагчыма.

«Розныя праблемы, ад звычайнага знясілення да горнай хваробы ці атручвання, могуць даваць вельмі падобныя сімптомы, і дыягназ даводзіцца ставіць сабе самой, зыходзячы толькі з уласнага досведу», — тлумачыць яна.

Пасля атручвання альпіністка разлічвала атрымаць хаця б некалькі дзён на адпачынак і аднаўленне. Але прагноз надвор'я гэтага не дазволіў.

Чакаўся моцны снегапад, які мог працягвацца тыдзень ці нават дзесяць дзён. Гэта фактычна азначала б канец сезона. Таму пасля акліматызацыйнай ратацыі група пераначавала ў базавым лагеры і менш чым праз суткі зноў пайшла наверх — ужо на штурм.

«Мы былі недаакліматызаваныя, я ўсё яшчэ аднаўлялася пасля атручвання, але гэта было адзінае метэа-акно, якое ў нас было. У такіх сітуацыях спрацоўваюць досвед і чыстая ўпартасць», — расказвае Лілія.

Яноўская кажа, што ў нейкі момант чалавек проста збірае ўсю волю і працягвае ісці, бо разумее, што іншага шанцу можа не быць.

«Было «нельга», а стала — «а чаму і не?»

У 66 гадоў Яноўская стала самай узроставай жанчынай, якая паднялася на Нанга-Парбат. Але сама яна не ўспрымае гэта як галоўны трафей. Значна больш для яе важная змена стаўлення людзей вакол.

Калі Лілія толькі вырашыла паспрабаваць узысці на Эверэст, ёй і яе сям'і тэлефанавалі знаёмыя і спрабавалі адгаварыць ад экспедыцыі.

«Казалі, што нельга, бо, па-першае, я жанчына, а па-другое — «ужо ўзрост». Жанчыны майго ўзросту проста не робяць такіх рэчаў. Нельга», — згадвае яна.

Цяпер многія з тых людзей сталі яе блізкімі сябрамі і падтрымліваюць новыя ўзыходжанні.

«І менавіта гэтая перамена ў людзях значна больш каштоўная для мяне за любыя рэкорды. Было «нельга», а стала — «а чаму не?» — кажа яна.

Паводле Яноўскай, з узростам фізічная падрыхтоўка змянілася не настолькі моцна, як можна было б чакаць. Затое з кожнай экспедыцыяй расце псіхалагічная ўстойлівасць.

«Маючы досвед папярэдніх экспедыцый, я дакладна ведаю, чаго чакаць — і ад уласнай галавы, і ад цела, і ад самой гары», — расказвае Лілія.

Нанга-Парбат аказалася для Яноўскай складанейшай, чым яна чакала нават пасля К2 і Канчэнджангі. На Эверэсце, Лхоцзэ і Макалу, паводле яе, заўсёды працуе шмат альпіністаў і шэрпаў, таму значная частка маршрутаў на сезон зафіксаваная вяроўкамі. На пакістанскіх гарах людзей значна менш.

Падчас гэтай экспедыцыі на Нанга-Парбат вяроўкі былі замацаваныя толькі на асобных участках. У іншых месцах даводзілася ісці ў звязцы з шэрпам або цалкам самастойна, без фіксаванай страхоўкі.

Асабліва востра страх адчуваецца бліжэй да вяршыні, дзе схіл становіцца вельмі стромкім, ледзяным і сыпкім.

«Замацаванай вяроўкі няма, ніякай падстрахоўкі. Адна памылка ці страта ўвагі на секунду можа каштаваць усяго: калі паслізнешся і пачнеш падаць, спыніць гэта падзенне проста няма чым, і паедзеш уніз да самага канца», — тлумачыць Лілія.

«Шэрпа таксама чалавек, ён не абавязаны рызыкаваць сабой дзеля цябе»

Пасля адзінаццаці васьмітысячнікаў змянілася і стаўленне Яноўскай да адказнасці ў гарах. Яна падкрэслівае: нават калі побач ёсць шэрпа, альпініст не можа цалкам разлічваць на іншага чалавека. Шэрпа — прадстаўнік народа шэрпаў з Гімалаяў; у альпінісцкіх экспедыцыях гэтым словам часта называюць высокагорных праваднікоў і памочнікаў, якія суправаджаюць альпіністаў, дапамагаюць з маршрутам, рыштункам, кіслародам і бяспекай.

«Добра, канечне, мець надзейнага шэрпу побач, але шэрпа таксама чалавек: ён не абавязаны рызыкаваць сабой дзеля цябе і ў першую чаргу мусіць клапаціцца пра ўласную бяспеку», — кажа яна.

Яноўская згадвае, што на Эверэсце яе ўласны шэрпа аднойчы пакінуў яе без кіслароду і дапамогі.

«Там, наверсе, кожны ў першую чаргу ратуе сябе. Натуральна, болей з гэтым шэрпам я не хадзіла», — тлумачыць яна. Яна таксама кажа, што ў камерцыйным альпінізме каманда не заўсёды існуе ў тым сэнсе, як гэта часта ўяўляюць людзі звонку. Кожны ўдзельнік рухаецца ў сваім тэмпе, а сустракаюцца людзі пераважна ў лагерах.

Сапраўдны давер, паводле Яноўскай, будуецца гадамі і шматлікімі экспедыцыямі. Свет вышыннага альпінізму невялікі, таму з сезона ў сезон людзі сустракаюць адно аднаго на розных гарах і паступова разумеюць, на каго могуць разлічваць.

Пасля вяршыні трэба яшчэ вярнуцца дадому

Дасягненнем вяршыні экспедыцыя не заканчваецца. Пасля Нанга-Парбат Ліліі трэба было яшчэ некалькі дзён выбірацца з гор.

У Непале альпініста часам можа забраць верталёт проста з базавага лагера. Але ў Каракоруме ў Пакістане гэта мілітарызаваная памежная зона, таму такой магчымасці няма.

Удзельнікі экспедыцыі два дні пешшу спускаліся ад базавага лагера прыкладна да вышыні 2500 метраў. Потым быў доўгі пераезд на джыпе, начлег, аўтобус і некалькі авіяперасадак.

«За экспедыцыю губляю і вагу, і мышачную масу, і на поўнае аднаўленне сыходзіць некалькі тыдняў: адпачынак, сон, добрае харчаванне», — расказвае яна.

Цяпер у спісе Яноўскай 11 з 14 васьмітысячнікаў свету: Нанга-Парбат, Канчэнджанга, Анапурна, Макалу, Лхоцзэ, Дхаўлагіры, Гашэрбрум II, К2, Эверэст, Манаслу і Чо-Ою.

Спачатку канкрэтнай мэты падняцца на ўсе 14 васьмітысячнікаў у яе не было. Яна, кажа альпіністка, сфармавалася паступова, з кожнай новай гарой.

Цяпер засталіся тры вяршыні: Шыша-Пангма ў Тыбеце, Броўд-Пік і Гашэрбрум I у Пакістане.

На Шыша-Пангму Яноўская спадзяецца пайсці восенню, але ўсё залежыць ад дазволу кітайскіх уладаў. Броўд-Пік і Гашэрбрум I яна плануе на наступны летні сезон.

Што будзе пасля ўсіх чатырнаццаці, яна пакуль не ведае. Сярод варыянтаў, пра якія Яноўская жартуе, — яшчэ раз падняцца на Эверэст з боку Кітая, паспрабаваць зімовае ўзыходжанне або нават спусціцца з нейкай вяршыні на лыжах.

Галоўны ўрок Нанга-Парбат для яе — неабходнасць быць гатовай да нечаканага. Надвор'е, стан маршруту, самаадчуванне і планы могуць змяніцца вельмі хутка.

«З узростам я ўсё больш разумею: лішняй падрыхтоўкі не бывае. Чым лепш ты падрыхтаваўся да нечаканага, тым больш шанцаў у патрэбны момант прыняць правільнае рашэнне», — падсумоўвае яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула