У Бельгіі ў сцяне дома знайшлі скарб з залатых зліткаў і манет на 9 мільёнаў еўра
Будаўнікі знайшлі скарб у сцяне падвала пад домам, калі пракладвалі трасу для каналізацыйных труб.
Фатаграфіі скарбу апублікавала мясцовая паліцыя
Рабочыя, якія перабудоўваюць стары дом у Бельгіі, знайшлі ў сцяне падвала пад ім скарб — залатыя зліткі і манеты, агульны кошт якіх можа дасягаць дзевяці мільёнаў еўра, піша ВВС.
«Я спачатку падумаў, што гэта манеткі па 1 еўра. Але потым убачыў побач залаты злітак. І тут мы зразумелі, што знайшлі нешта большае», — расказаў бельгійскай вяшчальнай кампаніі VRT член брыгады, 18‑гадовы студэнт па імені Кобэ.
Будаўнікі выклікалі паліцыю. Пакінуць скарб сабе, як яны тлумачаць, было б неймаверна.
«Там так шмат манет і зліткаў — гэта было б амаль немагчыма, — сказаў VRT брыгадзір Марыа. — Ды і гэта было б проста крадзяжом».
«Дзевяць мільёнаў еўра — столькі не схаваеш», — пагадзіўся Кобэ.
Усе зліткі прамаркіраваныя, але калі яны і манеты былі выраблены, не паведамляецца. Інфармацыі пра тое, калі і як яны былі замураваныя ў сцяну, таксама няма.
Як паведамляе бельгійская прэса, дом у акрузе Дэндэрмондэ на поўначы Бельгіі, дзе быў знойдзены скарб, з канца XIX стагоддзя належаў прадпрымальніку-півавару, а цяпер рабочыя цалкам перабудоўваюць яго пад патрэбы арганізацыі CAW Oost-Vlaanderen, якая купіла яго і займаецца сацыяльнай дапамогай у Дэндэрмондэ.
Дырэктар CAW Oost-Vlaanderen Герт Хілерт сказаў журналістам, што вельмі рады гэтай уражальнай знаходцы і спадзяецца, што ў выніку сродкі атрымае яго дабрачынная арганізацыя і выкарыстае на дапамогу людзям.
Аднак, як адзначае бельгійская прэса, не ўсё так проста.
Па-першае, пішуць журналісты, скарб павінны падзяліць напалову рабочыя, якія яго знайшлі, і арганізацыя, якая валодае домам.
Па-другое, паводле бельгійскіх законаў належыць чакаць пяць гадоў, ці не аб'явіцца законны ўладальнік скарбу.
І па-трэцяе, скарб не дастанецца нікому з іх, калі высветліцца, што схаваныя каштоўнасці здабыты злачынным шляхам.
Пакуль мясцовая паліцыя пачала расследаванне і заклікала людзей не з'язджацца да «залатога» дома, заявіўшы, што ён і так ужо перавернуты дагары нагамі, а скарб перавезены ў надзейнае месца.