БЕЛ Ł РУС

Віктар Марціновіч: Я, напэўна, апошні аўтар, які застаўся тут

16.08.2026 / 23:11

Nashaniva.com

Пісьменнік Віктар Марціновіч даў інтэрв'ю нямецкаму выданню Die Zeit. У ім ён расказаў пра фінансавае выжыванне, ізаляцыю, жыццё ў пастаянным страху і патлумачыў, чаму катэгарычна адмаўляецца эміграваць з Беларусі.

Віктар Марціновіч. Фота: LookByMedia

У Беларусі Марціновіч апынуўся ў татальнай прафесійнай ізаляцыі. Пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» ён мусіў пакінуць прафесуру, каб бяспечна знаходзіцца на радзіме, і цяпер вымушаны жыць з продажу бацькоўскай кватэры.

Друкавацца ён таксама не можа: унутры краіны дзейнічае цэнзура (наклад рамана «Рэвалюцыя» забіралі на паўгадовую праверку), а публікацыя ў эмігранцкіх выдавецтвах, як у кракаўскім Gutenberg, цяпер пагражае шасцю гадамі турмы праз іх «экстрэмісцкі» статус.

Апісваючы атмасферу ўнутры Беларусі, пісьменнік адзначае, што страх разбурыў давер паміж людзьмі. Аўтары ўнутры краіны не стасуюцца адно з адным, а сам ён пазбягае кантактаў з дыяспарай, каб не падвяргаць сябе рызыцы пры перасячэнні мяжы.

Марціновіч прызнаецца, што жыве ў стане пастаяннага страху, які параўноўвае з паветранай ямай у самалёце. З меркаванняў бяспекі пісьменнік адмовіўся адказваць на некаторыя пытанні журналісткі.

Нягледзячы на гэта, літаратар называе магчымую эміграцыю здрадай самому сабе і тым, хто застаўся.

«Сэнс майго жыцця — пісаць пра тое, што я бачу ў Беларусі. У краіне павінны заставацца вочы і вушы, і я, напэўна, апошні аўтар, які застаўся тут. Калі я з'еду, ніхто не зразумее тых змен, якія аднойчы тут адбудуцца», — тлумачыць ён.

Марціновіч дадае, што тэксты, напісаныя ім за мяжой, не маюць для яго вартасці, і ён працягвае верыць у перамогу дабра, бо гэтыя словы, сказаныя ўнутры сённяшняй Беларусі, маюць зусім іншую вагу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула