Казачніца з Мінска паўдзельнічала ў шоу ТНТ на выжыванне
Ганна Грабцэвіч зарабляе на жыццё тым, што прыдумляе казкі для канкрэтных дзяцей і запісвае тыя казкі галасамі іх родных. Днямі беларуска трапіла на ТНТ.
Фота: ТНТ
Некалі Ганна Грабцэвіч кіравала аддзелам у вялікім аўтамабільным холдынгу. Але ў дэкрэце вырашыла памяняць жыццё і зрабіла праект «Аннушкины сказки», у якім стварае на замову казкі. Яна прыдумляе казку з улікам сямейных традыцый і цікавостак канкрэтнага дзіцяці, робіць аўдыяверсію і дадае ў аўдыя галасы родных дзіцяці. Каштуе гэта нятанна — ад 70 да 140 даляраў.
Нядаўна Ганна расказала ў інстаграме, што паўдзельнічала ў шоу «Пагоня 2» на сваім любімым канале ТНТ. Калі коратка, гэтае шоу — гульня на выжыванне, дзе камандзе гульцоў трэба збягаць ад лаўцоў і выконваць розныя заданні.
Ганна расказала падпісчыкам, што яе абралі з прыкладна 20 тысяч ахвотных. На пляцоўку папрасілі апрануць яркі спартыўны касцюм — калі такога няма, удзельнікам іх выдаюць.
Бегаць давялося ноччу — на пляцоўку выклікалі ў 22:30. Пры гэтым самі здымкі пачаліся а 2‑й гадзіне ночы, а скончыліся каля 7‑й гадзіны раніцы.
«Калі я глядзела першы сезон па тэлебачанні, у мяне ад прагляду серый адрэналін проста зашкальваў і сэрца літаральна выскоквала з грудзей. Думка пра тое, што я ноччу буду збягаць ад мужыкоў, ад лаўцоў — калі шчыра, гэта мяне бянтэжыць, я пакуль толькі настройваюся на гэта», — дзеліцца Ганна ў роліку, запісаным перад здымкамі.
Выпуск з Ганнай выйшаў у эфір 16 жніўня. Аднак беларуска нічога не выйграла. Да фінішу дайшлі іншыя тры ўдзельнікі, якія падзялілі прыз памерам 700 тысяч расійскіх рублёў (7100 еўра).
Цяпер дзяўчына спадзяецца, што зможа вярнуцца на тэлебачанне:
«Гэта маё першае такое тэлевізійнае шоу, з такім велізарным прадакшнам, яшчэ і на любімым тэлеканале. Вядома, я шчаслівая, што ўсё гэта адбываецца.
Напэўна, калі б я год таму не зрабілася казачніцай і не стварыла «Аннушкины сказки», гэтага ўсяго не было б. Цяпер я спадзяюся, што гэта толькі пачатак».
Чытайце таксама:
Стаматолаг расказаў, як абараніць зубы дзіцяці, не адмаўляючыся ад салодкага
У абласной бальніцы ўпершыню пачалі рабіць перасадку валасоў. Колькі каштуе?
Беларус убачыў у Італіі лагатып мясцовага брэнда, які моцна нагадаў яму радзіму