EPAM думаў, што штучны інтэлект — гэта рэдкі шанец. Аказалася, усё складаней
Па выніках другога квартала кампанія EPAM знізіла прагноз па росце гадавой выручкі, пасля чаго акцыі ўпалі ніжэй за $100. Але што здарылася? Devby.io расказвае, што было на жнівеньскім сазвоне інвестараў.
Новае выпрабаванне для кампаніі падрыхтавала не геапалітыка і не макраэканоміка (там без зменаў — вайна на Блізкім Усходзе ўсё так жа зацягвае прыняцце рашэнняў), а AI. Аказалася, што штучны інтэлект змяняе структуру попыту хутчэй, чым EPAM паспявае замясціць падаючы попыт на традыцыйныя паслугі новымі ШІ-замовамі.
Стратэгія продажаў у Паўночнай Амерыцы не спраўляецца
За другі квартал EPAM выручыла ад ШІ-натыўных рашэнняў больш за 160 млн даляраў, гэта 11% ад усёй выручкі. Новы сегмент расце хутка, але стары сціскаецца яшчэ хутчэй.
«Дзесьці ў ліпені мы пачалі заўважаць, што кліенты аддаюць прыярытэт AI-бюджэтам, пераразмяркоўваючы выдаткі з задач, звязаных з традыцыйнымі паслугамі, — такіх як ручное тэсціраванне, UX, распрацоўка на JavaScript, фронтэнд. Яны пераключаюцца на мадэрнізацыю, і гэты пераход адбываецца хутчэй, чым нарошчваюцца новыя аб'ёмы прац, якія павінны замяніць ранейшыя. У выніку ў нас узнікае разрыў у росце», — патлумачыў сутнасць праблемы СЕО кампаніі Балаж Фееш.
Асабліва заўважная яна ў амерыканскім рэгіёне, доля якога займае 57% у выручцы EPAM. Павелічэнне фінансавых паслуг там было з'едзена падзеннем у сектары праграмнага забеспячэння і высокіх тэхналогій, у выніку прырост выручкі склаў усяго 0,5% у гадавым выражэнні. У EPAM прызнаюць, што іх уласная стратэгія продажаў у Паўночнай Амерыцы працуе не на належным узроўні.
«Мы бачым, што нашы кліенты ўсё часцей хочуць бачыць абгрунтаванні мэтазгоднасці праектаў, камерцыйныя прапановы, а не проста інжынерныя рашэнні, як гэта было ў мінулым», — патлумачыў Фееш.
Новыя буйныя здзелкі са старымі кліентамі адсоўваюцца, выручка ад іх пачне паступаць не раней за першую палову 2027 года.
Вось яшчэ адна маляўнічая цытата Фееша, якая апісвае сутнасць праблемы: кліенты не проста хочуць укараняць ШІ ў свой бізнэс, але атрымліваць ад гэтага аддачу.
«У гэтым квартале пры кожнай сустрэчы з кліентамі ўзнікала адно і тое ж пытанне: як атрымаць выгаду з AI і атрымаць станоўчую аддачу ад інвестыцый? Мой адказ такі: гэта складанае пытанне, на якое AI не прапануе простага адказу. Прычына ў тым, што AI не памяншае складанасць, а, наадварот, павялічвае яе на ўсіх узроўнях: таленты, архітэктура, працэсы, кіраванне і мадэлі. Кадзіраванне аўтаматызуецца, распрацоўка — не. Чым лепш AI піша код, тым важнейшай становіцца распрацоўка рашэнняў на апошнім этапе і паспяховае разгортванне».
Рэгіён EMEA (Europe, Middle East and Africa), доля якога 41%, наадварот, лідзіруе па тэмпах росту (+10,9% у гадавым вылічэнні). У многім дзякуючы таму, што там EPAM ужо ажыццявіў трансфармацыю маркетынгу і метадаў продажаў. Асноўны ўнёсак у рост у гэтым рэгіёне далі фінансавыя паслугі, турызм, спажывецкія тавары і энергетыка.
Грошы ідуць не на інжынераў, а на токены
Праблему пагаршае тое, што заказчыкі цяпер вымушаныя дзяліць бюджэт паміж паслугамі EPAM і AI-інфраструктурай. Паводле слоў СЕО, кліенты (перш за ўсё з партфеля SaaS-кампаній) перанакіроўваюць свае выдаткі на токены і графічныя працэсары. То бок ШІ не толькі памочнік інжынераў і новая сфера для замоў, але і прамы канкурэнт кампаніі за бюджэт кліента.
І, здаецца, гэта праблема ўніверсальная, а не толькі EPAM. Прынамсі, на пытанне інвестара, ці не сыходзяць паўночнаамерыканскія кліенты да больш дыверсіфікаваных канкурэнтаў, Балаж Фееш упэўнена адказвае «не».
Напрошваецца выснова, што бюджэты заказчыкаў з'ядаюць не іншыя кампаніі, а сам ШІ.
«Мы не назіралі, каб рэальны попыт сапраўды перайшоў да нашых канкурэнтаў, — кажа Фееш. — Мы бачым, што частка выдаткаў пераводзіцца ў токены, якія мы таксама можам прапанаваць, але большасць нашых кліентаў купляюць іх напрамую або накіроўваюць сродкі на інфраструктуру ці на графічныя працэсары. Я думаю, што ў межах нашай канцэпцыі выхаду на рынак з больш буйнымі здзелкамі мы хочам рэінвеставаць сэканомленыя сродкі, якія нашы кліенты атрымаюць дзякуючы паслугам на аснове ШІ, у развіццё ўласнага бізнэсу. Так што мы не прайграем канкурэнтам, калі вы пра гэта пытаецеся».
Цікава, што калі на майскім сазвоне Фееш ахвотна казаў пра такеноміку з акцэнтам на кошце/крыніцах закупкі токенаў і «цёмных фабрыках» як прывабнай прапанове для кліентаў, то на жнівеньскай размове з інвестарамі гэтыя новыя словы ўжо не гучаць.
Штат вырас, яго загрузка — таксама
Між іншым, насуперак трэнду на замяшчэнне супрацоўнікаў штучным інтэлектам, штат самой EPAM у 2026 годзе толькі павялічваецца.
Па выніках другога квартала ў кампаніі працавала больш за 56 650 вытворчых спецыялістаў (+150 чалавек да першага квартала), а ўсяго супрацоўнікаў было больш за 62 850 (+100 чалавек да першага квартала). У параўнанні з другім кварталам 2025 года вытворчы штат вырас на 1,5%.
Каэфіцыент выкарыстання рэсурсаў таксама павялічыўся — да 78,3% — і ў параўнанні з папярэднім кварталам (+1,3 п. п.), і год да года (+0,2 п. п.). То бок, верагодна, на бэнчы (у чаканні працы. — НН) сядзела менш людзей, чым у папярэднія перыяды.
Курсавыя розніцы сыгралі ў мінус
Не менш за 10 тысяч супрацоўнікаў EPAM — у Індыі.
Індыйская тэма ўзнікла ў сувязі з пытаннем інвестара пра ўстойлівасць маржы і ўплыў валютных ваганняў — верагодна, праз аслабленне рупіі ў 2026 годзе. Старшы віцэ-прэзідэнт EPAM Джэйсан Пэтэрсан запэўніў, што кампанія не атрымлівае вялікай выгады ад валютных ваганняў. Як тлумачыць Devby, па-першае, індыйскія супрацоўнікі і так танныя, па-другое, у больш дарагіх лакацыях мясцовыя валюты, наадварот, моцныя.
«Нягледзячы на тое што ў нас значная працоўная сіла ў Індыі, доля Індыі ў нашых агульных выдатках не такая вялікая, як у многіх нашых канкурэнтаў. Такім чынам, у нас па-ранейшаму вельмі значныя выдаткі ў такіх краінах, як Польшча, Венгрыя, Мексіка і нават Калумбія, дзе валюты ўмацаваліся. І таму валютныя ваганні фактычна не зрабілі істотнага ўнёску. Насамрэч, яны нават аказаліся некалькі адмоўнымі», — кажа Пэтэрсан.
Зусім нядаўна кіраўніцтва EPAM казала, што разрыў паміж магчымасцямі ШІ, якія хутка развіваюцца, і здольнасцю прадпрыемстваў надзейна ўкараняць іх у вытворчасць забяспечыць найбуйнейшыя тэхналагічныя інвестыцыі ў гісторыі чалавецтва, і гэтым шанцам трэба скарыстацца. Праз некалькі месяцаў прызнае, што ўсё значна складаней.