БЕЛ Ł РУС

«Крамнае ніколі не заменіць сваё». Жыхарка Мінскага раёна трымае на сваім падворку цэлую сотню птушак

18.08.2026 / 21:57

Nashaniva.com

Шостая гадзіна раніцы. У доме Ірыны Лезгаўкі з Каралёва Стана Мінскага раёна ўжо пачаўся дзень — пакуль гарадскія людзі даглядаюць сны, яна на ўжо нагах: раздае корм качкам, курам, цацаркам і перапёлкам. Усё пачалося з дзесяці выпадковых перапялят, а пару гадоў таму пагалоўе даходзіла да 500. На сямейнай ферме кожнае яйка і тушка — свае, выгадаваныя без хіміі і сурагатаў, піша pristalica.by.

З чаго ўсё пачалося: ад кветак да птушкі

Шэсць гадоў галоўным захапленнем Ірыны былі кветкі. Петуніі, ляўкоі, ружы, кермек, гіпсафіла, цыніі, пеларгонія, сульфініі ўпрыгожвалі яе ўчастак і будні яркімі фарбамі, пакуль аднойчы яна не ўбачыла аб'яву пра продаж дзесяці перапялят.

З іх пачалося яе захапленне птушкагадоўляй.

«Спачатку з'явіліся перапёлкі, потым куры, качкі, індыкі, гусі, нават пяць парасят было. Колькасць птушак пачала хутка расці, калі мы змаглі купіць інкубатар і сталі выводзіць птушанят. Памятаю час, калі трымалі каля 500 галоў — увайшлі ў азарт, хоць нават для нашай вялікай сям'і гэта шмат», — расказвае Ірына.

Зараз у гаспадарцы каля сотні птушак: качкі, куры, перапёлкі і цацаркі. Даглядае іх толькі гаспадыня.

Чаму хатняе — лепшае за крамнае

Ірына прызнаецца: купляць птушку ці яйкі ў супермаркеце яна перастала даўно. Усё, што трапляе на стол, выгадавана сваімі рукамі.

«Крамнае ніколі не заменіць сваё. Я кармлю сям'ю толькі тым, што вырасціла і выкарміла сама: хатнімі яйкамі, мясам, свежай зелянінай, гароднінай, ягадамі. Так я клапачуся пра родных і дзяцей. Натуральныя вясковыя прадукты — гэта зарука здароўя. Устаю а 6‑й раніцы і вяртаюся дадому да 10-й, а муж Яўген заўсёды на падхопе: і вячэру прыгатуе, і за дзецьмі дагледзіць. Але больш займаецца мужчынскімі справамі, напрыклад, зараз будоўляй», — кажа гаспадыня.

Як за 21 дзень вывесці да 200 куранят

Кожную вясну Ірына закладае яйкі ў інкубатар. Працэс ужо наладжаны. У залежнасці ад калібру яйка туды змяшчаецца ад 40 да 200 штук.

«Перапяліныя яйкі маленькія, іх у інкубатар можна штук з 210 закласці. Курыных каля 70. Гусіных прыкладна 40», — расказвае яна.

Працэс інкубацыі курэй доўжыцца 21 дзень. 18 дзён яйкі трэба пераварочваць раніцай і ўвечары, каб эмбрыён не прыліп да шкарлупіны, і падліваць ваду ў інкубатар. На 21‑ы дзень з'яўляюцца першыя надзёўбванні.

«Я ўжо навучылася разумець, ці развіваецца эмбрыён: уключаю ліхтарык на тэлефоне і прасвечваю яйкі. Сам па сабе працэс інкубацыі вельмі цікавы. Калі эмбрыёны развіліся ўнутры яек, яны пачынаюць варушыцца — гэта бачна, калі прасвечваеш яйка, перад тым як наклюнуцца, можна пачуць, як яны пішчаць. Яечкі могуць круціцца. Калі яйка цвёрдае і ў ім шмат кальцыю, птушкам трэба дапамагчы праклюнуцца», — з захапленнем расказвае жанчына.

Аднойчы Ірыне ўдалося вывесці двух куранят з аднаго двухжаўтковага яйка. Пра гэты выпадак яна расказвала з непадробным захапленнем і гонарам.

Брудар, квактухі і мужчынская кемлівасць

Калі кураняты ці качаняты вылупляюцца, іх перасяляюць у брудар — спецыяльную скрыню з падагрэвам, якую муж Ірыны змайстраваў сам. Там птушкі жывуць, пакуль не падужэюць.

Калі тэрміны супадаюць, яна падкладае птушанят, якія вылупіліся ў інкубатары, пад квактуху. У іх гаспадарцы бывае да пяці матуль-квактух.

Што ідзе на стол: амлет з качыных яек і тушаная качка з чарнаслівам

Усю птушку рэжуць, абскубаюць, асмальваюць, разбіраюць і марозяць. А яйкі ядуць усе, якія толькі ёсць. Напрыклад, з качыных атрымліваецца вельмі пышны амлет. Сын Ірыны Дзмітрый, кухар, часта радуе сям'ю новымі смакавымі спалучэннямі, эксперыментуючы на кухні.

«Хатняя птушка цвярдзейшая, яе трэба гатаваць даўжэй, але смак зусім іншы. Тушаная качка з бульбай ці чарнаслівам… Вы б ведалі, якая гэта смаката», — усміхаецца гаспадыня.

Кветкі як частка кругавароту

Ірына кажа, што на яе зямлі працуе кругаварот. Агарод корміць птушку, а птушка ўгнойвае кветкі і расліны. Улетку качкі і цацаркі часта шпацыруюць паміж градак і сотняў руж, збіраюць насякомых, жучкоў, смаўжоў і іншых шкоднікаў.

Увечары, калі праца па гаспадарцы заканчваецца, Ірына ідзе да кветак. Яна называе іх сваімі лекамі і прызнаецца, што набіраецца сіл, калі бачыць, як буяе яе кветкавы сад.

Чытайце таксама:

Цела Святланы Курс будзе крэміравана

Беларуска вырасціла пад Мінскам гіганцкую двухметровую лілею

Самае засушлівае месца ў свеце часам ператвараецца ў кветкавы дыван

«На тобе й кош і рыба». 81‑гадовая Вера запісала ўспаміны пра Давыд-Гарадок 1950‑х і зрабіла аўдыязапісы дарагой яе душы гаворкі

Каментары да артыкула